Праваабаронцы: У калоніі «Воўчыя норы» памёр зняволены
16 мая 2025 у 1747386300
Ігнат Пекарэвіч / «Зеркало»
У івацэвіцкай папраўчай калоніі № 22 «Воўчыя норы» памёр зняволены, паведамілі магілёўскія праваабаронцы ПЦ «Вясна». Прычына смерці пакуль невядомая.
«Вядома, што мужчыну было каля 50 гадоў, у яго на волі засталася сям'я. Прычыну смерці пакуль высветліць не ўдалося, аднак нагадаем, што 28 красавіка мы паведамлялі пра імаверную эпідэмію COVID-19 у гэтай папраўчай установе. Асуджаныя хварэлі цэлымі атрадамі, а лячылі іх толькі парацэтамолам», - расказалі праваабаронцы.
Інфармацыю, што сімптомы хваробы вельмі нагадваюць каранавірус, перадавалі на волю самі зняволеныя. Як адзначаюць праваабаронцы, гэта быў іх крык пра дапамогу, і ўжо тады зняволеныя баяліся, што хтосьці можа не выжыць.
«Праз замаразкі ў бараках калоніі пануе холад. Адміністрацыя ПК-22 усяляк абвяргала інфармацыю пра рост захворвання, а калі навіна трапіла ў недзяржаўныя СМІ, пачала пагражаць адказнасцю за перадачу звестак "экстрэмісцкім" рэсурсам», - напісалі праваабаронцы.
Нагадаем, у канцы красавіка паведамлялася пра эпідэмію каранавіруса ў івацэвіцкай папраўчай калоніі № 22 «Воўчыя норы». Паводле інфармацыі праваабаронцаў, некалькі чалавек з цяжкім цячэннем хваробы былі пераведзеныя ў Рэспубліканскую агульнасаматычную бальніцу Дэпартамента выканання пакаранняў МУС Беларусі.
Паводле інфармацыі «Вясны», эпідэмія ў калоніі доўжылася не адзін тыдзень, аднак адміністрацыя ўстановы не ўводзіла каранціну, бо гэта патрабавала цалкам змяніць рэжым працы калоніі. Кіраўніцтва калоніі таксама забараняла абмяркоўваць праблему недахопу лекаў.