Магілёўскія школьніцы 9 траўня паказалі сярэдні палец салюту і павярнуліся да яго спінамі. Іх сябар засняў гэта на відэа, а потым яны выклалі ролік у сацыяльныя сеткі. Гэта абурыла прапагандыстаў. Звязаны з сілавікамі тэлеграм-канал паведаміў, што асобы падлеткаў высветлілі, а з імі запісалі «пакаяльнае» відэа. Прапагандысты аблаялі настаўнікаў. Дасталася і бацькам, якіх паабяцалі пакараць за неналежнае выхаванне дзяцей. Саміх жа ўдзельнікаў перфомансу паставяць на прафілактычны ўлік у школе. У дадатак 14-гадовыя атрымаюць яшчэ і «адміністратыўку» за хуліганства. Больш за тое, ужо ў нядзелю, 11 траўня, школьнікаў адвезлі у мемарыяльны комплекс «Боркі», што ў Кіраўскім раёне, паказалі фільм «Ідзі і глядзі» і адвялі ў царкву. Чаму дарослыя так бурна і востра адрэагавалі на ўчынак падлеткаў і пра што ён насамрэч кажа? У калонцы для «Люстэрка» разважае педагог Таццяна Крапіневіч.
На выходных уся краіна абмяркоўвала магілёўскіх школьніц, якія паказалі сярэдні палец салюту на 9 траўня. Гісторыя не пакінула абыякавым, здаецца, нікога. І гэта не толькі пра выхаванне, нормы і пакаранне. Гэта — пра боль, неразуменне і разрыў паміж пакаленнямі, які робіцца ўсё глыбейшым. Дзяўчат «вылічылі», зладзілі ім «урок памяці», запрасілі праваслаўнага святара для гутаркі, на бацькоў завялі адміністрацыйную справу за «неналежнае выхаванне». Усё як умеюць…
Чытаю гэта і думаю: як жа страшна, калі падлеткаў, хай і дзёрзкіх, замест размовы сустракаюць карнай машынай. Калі ў кожнай эмоцыі ці ў кожным учынку дзіцяці бачаць здраду, а не адчай і спробу быць пачутым.
Чаму яны так зрабілі? Адказ «кепска выхавалі» занадта павярхоўны. Мы, дарослыя, павінныя задаць сабе нашмат цяжэйшыя пытанні: а ці чуюць нас падлеткі? А ці разумеюць яны, навошта ўсё гэта: патрыятычныя мерапрыемствы, «урокі памяці», парады? Ці мы проста год за годам паўтараем адны і тыя ж рытуалы, якія ўжо даўно не знаходзяць водгуку ў іх сэрцах?
Вось і ў гэтай гісторыі мне зусім не хочацца абмяркоўваць іх кепскія паводзіны. Значна важней задаць сабе пытанне: што за грамадства, у якім дзеці паказваюць непрыстойны жэст не канкрэтнаму чалавеку, а знаку — і гэтым выклікаюць масавую істэрыю? Але што насамрэч яны нам гэтым хочуць сказаць? Думаю, роўна тое, што адчуваюць: стомленасць ад бясконцай гісторыі пра вайну, ад крывадушнасці, ад навязвання ім адной карцінкі свету, дзе патрыятызм — безумоўная сляпая паслухмянасць і страх.
У гэтых дзяцей за спінай няма вайны. Затое ёсць прапаганда — штодзённая, гучная, настойлівая і навязаная. Ёсць пастаянны ціск: «будзь правільным», «маўчы», «стой спакойна», «не высоўвайся». Але вось яны не змаўчалі, высунуліся. Не так, як нам бы хацелася, затое сумленна і па-сапраўднаму.
Для цяперашніх школьнікаў Дзень Перамогі — гэта ўжо не асабістая гісторыя. У многіх з іх у сям'і даўно няма жывых сведак вайны. А фарматы патрыятычных мерапрыемстваў у школе сталі шаблоннымі, фармальнымі. Дзеці ўсё гэта счытваюць. Яны не слухаюць, а ўсе разумеюць. Толькі рэагуюць па-свойму. Часам — моўчкі, часам — такім вось непрыстойным жэстам, не заўсёды ўсвядомленым, але вельмі гучным і дзёрзкім.
Важна разумець: падлеткі — не «маленькія дарослыя», гэта людзі ў крызісе ідэнтычнасці асобы. Яны вучацца ўсведамляць сябе, шукаць межы дапушчальнага. Часам нават правакуючы іншых, грамадства. Мяне не здзіўляе іх учынак. Мяне палохае рэакцыя дарослых. Караць? За што? Што яны — нашае люстэрка? Бо дзеці не вінаватыя ў тым, што мы не ўмеем гаварыць з імі пра вайну без пафасу. Што ў нас за «памяццю» — муштра і страх. Што мы ў іх не бачым людзей, а толькі аб’ект для кантролю і справаздачнасці.
А яшчэ я думаю вось пра што: што цяпер адчуваюць іх класныя кіраўнікі і адміністрацыя школы? Іх выклікалі, вядома. Аблаялі. Запатрабавалі даць тлумачальныя, справаздачы пра выхаваўчыя мерапрыемствы, асноўныя і дадатковыя, запатрабавалі ўзмацніць маніторынг сацсетак кожнага дзіцяці. Пакаранне ў такіх выпадках ідзе па ланцужку: зверху ўніз. Кожны мусіць прадэманстраваць, што ён усё кантралюе, ён у курсе, ён правёў прафілактычную гутарку і прыняў усе магчымыя меры, а вінаватыя панеслі пакаранне.
Але настаўнікі, завучы, дырэктары, мы ўсе — проста людзі. Мы таксама стамляемся, мы таксама сумняваемся. Многія з нас выдатна разумеюць, што падлеткавы пратэст — не віна школы, а вынік значна глыбейшых працэсаў у грамадстве. Толькі прызнаваць гэта небяспечна. Прасцей «сыграць ролю» — напісаць справаздачу, правесці прафілактычную гутарку, пакараць, далажыць начальству. І кожны застаецца з унутраным камяком: нібыта і не схлусіў, але і не сказаў праўды. Не абараніў. Не пачуў. Не стаў побач. Не паспрабаваў зразумець. Не патлумачыў.
Класныя кіраўнікі, магчыма, цяпер не спяць начамі. Баяцца за сваю стаўку, за стаўленне адміністрацыі, за тое, што скажуць «не далі рады». Магчыма, іх ужо пазбавілі класнага кіраўніцтва ці прэміі або яшчэ горш. Хоць праўда ў тым, што класны, хутчэй за ўсё, гэтых дзяўчат разумее лепш, чым любы чыноўнік з метадычкай. Але сістэме не цікава, што ты адчуваеш. Яна пытае, чаму недагледзелі. Вось так і выгараюць. Адно за адным. Без слёз. Без словаў. Проста знікаюць са школы — нібыта і не было.
Кожны такі выпадак забівае яшчэ адзін цвік у вечка таго даверу, якое мусіць быць паміж настаўнікам і вучнем. Паміж школай і грамадствам. Паміж памяццю пра вайну і жывымі людзьмі.
Калі б такое здарылася з маімі вучнямі, я б пачала з самага простага: з размовы. Без лозунгаў, без мэты выхаваць і пакараць, а проста зразумець. Чаму вы гэта зрабілі? Што адчувалі? Што вас кранае? Гэтыя пытанні важнейшыя за любы «ўрок памяці». Бо яны даюць шанец выбудаваць мост паміж «намі» і «імі». А без яго ўсё астатняе бессэнсоўнае. Так, учынак, безумоўна, непрыемны. Але гэта не злачынства, а, хутчэй, сімптом. Лячыць трэба не яго, а прычыну.
Мы баімся падлеткавага выкліку, бо самі не ўмеем быць сумленнымі. А падлеткі адчуваюць фальш імгненна. Іх немагчыма падмануць. Яны не цярпяць хлусні. І калі ўся сістэма будуецца на страху і паказусе, яны рана ці позна адкажуць ёй непрыстойным жэстам. У гэтым выпадку — у прамым сэнсе.
Часам мне здаецца, што ім патрэбнае не «патрыятычнае выхаванне», а простае нармальнае, чалавечае стаўленне. І гэта будзе нашмат важнейшым за любы салют. Яны — не злачынцы. Яны — дзеці. І пакуль мы будзем адказваць на іх жэст дубінкай, допытам, запісам «пакаяльнага» відэа і «адміністратыўкай», мы страчваем шанец на дыялог і будзем толькі памнажаць разрыў. А ён — ужо велізарны.
Мы не павінныя баяцца цяжкіх размоваў з падлеткамі. Варта баяцца іх маўчання. Бо за ім — абыякавасць. А пакуль пратэстуюць, яны яшчэ з намі.
Меркаванне аўтара можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.