Двое падлеткаў з Украіны атрымалі нажавыя раненні ў выніку бойкі ў Варшаве (Польшча). Іх прыяцель з Беларусі не пацярпеў. У нападзе падазраюць 25-гадовага грамадзяніна Узбекістана. Аднак не выключана, што маладыя людзі самі справакавалі канфлікт і напалі на мужчыну, піша MOST.
Інцыдэнт адбыўся 22 ліпеня ў Брудноўскім лесе. Узбек, імаверна, быў кур’ерам адной са службаў дастаўкі ежы: як паведамляюць польскія медыя, у лес ён прыехаў з фірмовым заплечнікам.
У лесе сабралася кампанія падлеткаў-эмігрантаў, у тым ліку 13-гадовы і двое 15-гадовых грамадзян Украіны і 16-гадовы беларус. Паміж імі і мужчынам успыхнула сварка, якая перайшла ў бойку. У кур’ера быў нож, а ў падлеткаў, як піша Polskie Radio, — «небяспечныя прадметы».
Падчас бойкі мужчына параніў нажом двух украінцаў: яны атрымалі колата-рэзаныя раны рук, адзін з іх таксама атрымаў два раненні ў вобласць рэбраў — на шчасце, лёгкае не было прабітае. Паводле інфармацыі газеты Wyborcza, падлеткам дапамог парамедык, які выпадкова апынуўся непадалёк: у той дзень ён выйшаў з дзецьмі на шпацыр у лес. Потым прыбыла хуткая дапамога, хлопцаў шпіталізавалі.
Беларус і яшчэ адзін украінец не пацярпелі.
Хто вінаваты?
Пасля бойкі грамадзянін Узбекістана ўцёк, але падчас канфлікту згубіў асабістыя рэчы: тэлефон, шапку, пачак цыгарэт і ключы ад кватэры. Гэта дапамагло высветліць яго асобу і затрымаць цягам гадзіны. Мужчыну дапыталі.
23 ліпеня ў паліцыі паведамілі, што чатырох «іншых асобаў, якія прысутнічалі на месцы здарэння», таксама затрымалі. Сабраныя матэрыялы следства паказваюць, што менавіта яны здзейснілі злачынства ў дачыненні да 25-гадовага мужчыны.
Справы падлеткаў будзе разглядаць суд па сямейных справах.