Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. Чиновники много рассуждают, что сделать, чтобы медработники не уезжали из страны. Медсестра из минской больницы дала им простой ответ
  2. Лукашэнка на сустрэчы з Пуціным завысіў яўку на мінулых выбарах і колькасць галасоў у сваю падтрымку
  3. Улады перажываюць праз адток моладзі і думаюць, як яе ўтрымаць. Расказваем пра ідэі з закрытага дакумента (вам не спадабаецца)
  4. «Занадта блізкі да Украіны». Трамп адхіліў галоўнага прадстаўніка ЗША на перамовах праз прэтэнзіі Крамля — СМІ
  5. Троллейбусная сеть Минска — крупнейшая в мире. Почему от этого транспорта отказываются во многих странах, несмотря на экологичность?
  6. Калі ў Польшчы жанчына нараджае без мужа, гэта здзіўляе. Гінеколаг з'ехала з Беларусі пасля пратэстаў, а цяпер да яе стаяць чэргі ў Польшчы
  7. Лукашэнка паскардзіўся, што яго ў Расіі «перыядычна» абвінавачваюць ва «ўтрыманстве», і прывёў свае аргументы, чаму гэта не так
  8. Вырашылі праверыць інфармацыю ад BYPOL і паспрабавалі ўладкавацца ў дзяржарганізацыі з подпісам за Бабарыку. Расказваем, што з гэтага выйшла
  9. Эксперты проанализировали вчерашнее согласие Путина на прекращение огня, но «с нюансами» — вот их выводы
  10. Путин согласен с предложением прекратить боевые действия в Украине, «но есть нюансы»
  11. Прадстаўнік Крамля: Масква супраць часовага перамір'я
  12. «Я бы сделала это и бесплатно». Поговорили с беларуской, которая сыграла в фильме, получившем пять наград на «Оскаре»
  13. Кіроўцы аўтобусаў сцвярджаюць, што на мяжы з Літвой «трасуць жорстка». Ці павялічыўся час праходжання?
  14. Мобильные операторы анонсировали изменения. Есть предупреждение для клиентов — важно сделать одно действие, чтобы не остаться без связи
Читать по-русски


Днямі Аляксандр Лукашэнка наведаў Абуз-Лясноўскі палігон, дзе яму паказалі ўзоры новых і не вельмі новых распрацовак беларускага ВПК, якія ствараюць і прынялі або збіраюцца прыняць на ўзбраенне ў Беларусі. Сярод іншага палітыку паказалі новую мадэрнізацыю танка Т-72Б — Т-72БМ2, якую вырабіў 140-ы рамонтны завод у Барысаве. Разбіраемся, што яна сабой уяўляе.

Фото: "Ваяр"
Т-72БМ2. Фота: «Ваяр»

Што вядома пра новы танк

Упершыню беларускую мадэрнізацыю асноўнага баявога танка (АБТ) Т-72 паказалі на выпрабаваннях у ліпені 2022 года. У тэлеграм-канале Дзяржкамваенпрама Беларусі напісалі, што рашэнне мадэрнізаваць савецкія Т-72Б было прынятае арганізацыяй разам з Мінабароны РБ на замову бранятанкавага ўпраўлення гэтага міністэрства. Быў выраблены эксперыментальны ўзор.

У кастрычніку Лукашэнку паказалі той самы танк, аднак з адной істотнай зменай — машына абзавялася крацістым экранам, які прыкрывае вежу зверху. Такія прылады, празваныя «мангаламі», з’явіліся на расійскіх танках перад уварваннем ва Украіну — іх наварвалі на машыны ў надзеі абараніцца ад ракет супрацьтанкавых ракетных комплексаў FGM-148 Javelin і гранатамётаў NLAW, якія б’юць тэхніку ў тонкую браню даху.

Міністр абароны Віктар Хрэнін заявіў, што беларускі танк па сваіх характарыстыках не саступае самым сучасным серыйным расійскім танкам Т-90. Гэтая машына стаіць на ўзбраенні яшчэ з 90-х, аднак фактычная замарозка паставак у войскі больш прасунутага АБТ Т-14 «Армата» прывяла да таго, што нічога лепшага за версіі Т-90 у войску Расіі дагэтуль няма.

Чаму мадэрнізаваць вырашылі менавіта танк Т-72Б?

Таму што нічога больш сучаснага на ўзбраенні войска Беларусі няма.

Больш раннія Т-72А моцна састарэлі і не могуць выкарыстоўваць нават «візітную картку» познесавецкіх АБТ — страляць з гарматы кіраванымі ракетамі. У Беларусі такіх танкаў шмат, аднак на ўзбраенні яны не стаяць. Многія гады машыны стаялі на базах захоўвання і цяпер масава раскансервуюцца і адпраўляюцца ў Расію. Мадэрнізацыю такіх танкаў да версіі Т-72БМЭ 140-ы рамонтны завод у Барысаве распрацаваў, але Мінабароны ёю не зацікавілася і паляпшаць машыны да гэтай версіі не стала.

Як яшчэ мадэрнізавалі (ці спрабавалі) савецкі Т-72Б у Беларусі?

Што да Т-72Б, то ў Беларусі іх некалькі сотняў на ўзбраенні, прычым адразу трох версій. Самая першая — 1985 года, якая мае навясныя блокі дынамічнай абароны «Кантакт-1», што абараняюць бронетэхніку толькі ад кумулятыўных снарадаў, але ніяк не дапамагаюць ад бранябойных падкаліберных (БОПС). Больш сучасныя машыны Т-72Б узору 1989 года атрымалі ўжо дынамічную абарону «Кантакт-5», якая трохі паляпшае абарону як ад кумулятыўных снарадаў, так і ад БОПС.

Нарэшце, ёсць мадэрнізацыя Т-72Б 1991 года — з ёй «пашанцавала» толькі Беларусі і Казахстану, бо ў той час СССР ужо развальваўся, і новыя танкі паспелі паступіць толькі ў ваенныя акругі на тэрыторыі БССР і КазССР. Гэтая версія атрымала датчык умоваў надвор’я, спалучаны з балістычным вылічальнікам (што дазволіла знізіць патрабаванні да падрыхтоўкі наводчыка, частку працы якога ўзяла на сябе аўтаматыка).

У дзевяностых і нулявых гадах беларускай ваеннай прамысловасці было не да мадэрнізацый, і толькі ў другой палове дзясятых Дзяржкамваенпрам узяўся за першыя паляпшэнні Т-72Б. Першая версія, якая атрымала, магчыма, назву Т-72БМ1 «Вицязь» (знаёмыя з працэсам тых паляпшэнняў спецыялісты расказалі нам, што, магчыма, танк так і застаўся безназоўным, а назва «Віцязь» хутчэй неафіцыйная) уяўляла сабой дапрацоўку Т-72Б узору 1989 года з устаноўкай на яго сістэмы кіравання агнём (СКА) на аснове досыць удалага беларускага прыцэла «Сасна» і некаторых іншых удасканаленняў.

Фото: Ян Горбанюк, "Ваяр"
Т-72БМ2. Фота: Ян Гарбанюк, «Ваяр»

Вядома, што работы праводзіліся з прыцягненнем спецыялістаў знакамітага расійскага «Уралвагонзавода», які распрацаваў уласную мадэрнізацыю Т-72Б3 (сёння такія расійскія танкі — адны з «лідараў» па колькасці страчаных ва Украіне машын).

Варыянт «Віцязь», як і версія Т-72БМЭ, вайскоўцаў не задаволіў, і мадэрнізацыя ў буйную серыю не пайшла. Пасля гэтага Беларусь на некалькі гадоў перастала займацца ўласнымі дапрацоўкамі «семдзесятдвойкі», аддаючы перавагу таму, каб закупаць ужо згаданыя Т-72Б3 узору 2016 года — з 2017-га іх набылі некалькі дзясяткаў. Менавіта гэтыя машыны цяпер складаюць увесь умоўна сучасны беларускі танкавы парк.

Т-72Б3, які вырабляецца з 2011 года, таксама меў некалькі версій — спачатку на танк усталявалі сістэму кіравання агнём на аснове ўжо згаданага беларускага прыцэла «Сасна-У» з цеплавізарам (які дазваляў страляць ноччу). Машыну «абулі» ў новыя, больш трывалыя і даўгавечныя, гусеніцы з паралельным шарнірам. Аднак з невытлумачальнай прычыны нават у параўнанні з савецкімі Т-72Б істотна зменшылі кантэйнеры дынамічнай абароны — у ілбе вежы з’явілася немалая «дзірка». Прабіць браню танка тут заходнім машынам было б не проста, а вельмі проста. У наступных версіях «дзірку» часткова залаталі, але цалкам пазбавіліся яе толькі ў «фінальнай» версіі, якая выйшла ў 2016 годзе.

Т-72Б3 узору 2016 года — самая сучасная не толькі ў Беларусі, але і ў свеце мадэрнізацыя Т-72, якая адрозніваецца больш магутным рухавіком В-92С2Ф магутнасцю 1130 конскіх сіл (у звычайнага Т-72Б — усяго 840 к.с.), аўтаматызаванай сістэмай кіравання з ВК-дысплеем у механіка-кіроўцы (машынай стала нашмат прасцей кіраваць), новай радыёстанцыяй Р-168. Асноўным плюсам танка стала палепшаная абарона — блокі дынамічнай абароны «Рэлікт» (лепшы варыянт ДА, які вырабляецца ў Расіі) па баках, ДА ззаду вежы, крацістыя экраны ў задняй частцы вежы і ўжо згаданая залатаная «дзірка» ў ілбе.

Што ўяўляе сабой Т-72БМ2

Для пачатку раскажам пра плюсы. Па-першае, наколькі нам вядома, на Т-72БМ2 ставяць дапаможную сілавую ўстаноўку (ДСУ). Ні адна расійская мадэрнізацыя «семдзесятдвойкі» яе не мае, большасць версій Т-90 — таксама. Фактычна ДСУ — гэта невялікі аўтаномны матор, які забяспечвае электраэнергіяй розныя сістэмы танка — СКА, механізм павароту вежы, акумулятары.

Фото: Ян Горбанюк, "Ваяр"
Т-72БМ2. Фота: Ян Гарбанюк, «Ваяр»

На іншых Т-72 усе гэтыя дзеянні патрабуюць запуску асноўнага рухавіка, які пры гэтым марнуе свой рэсурс і моцна разагравае машыну (што павышае яе цеплавую прыкметнасць і робіць больш лёгкай мішэнню для кіраваных ракет з інфрачырвонай галоўкай саманавядзення). У гэтым плане танк з Беларусі перасягнуў усіх канкурэнтаў з Расіі, акрамя самай апошняй версіі Т-90М «прарыў».

Яшчэ адным сур’ёзным плюсам стала дасканалая і ўжо не раз згаданая сістэма кіравання агнём на аснове беларускага прыцэла «Сасна-У». Дзякуючы цеплавізару з танка стала магчымай дакладная стральба ноччу. Стабільная незалежная лінія візіра і вялікая колькасць датчыкаў (тэмпературы, ціску, тэмпературы парахавога зарада, хуткасці ветру, вугла нахілу) дазваляюць зрабіць стральбу досыць дакладнай, нягледзячы на састарэлую гармату (пра яе мы яшчэ скажам ніжэй). СКА аналагічная той, што стаіць на Т-72Б3, і гэта зусім нядрэнна.

Больш за тое, беларускія спецыялісты выправілі адзін дробны, але непрыемны недахоп, характэрны для прыцэла «Сасна-У» на расійскіх танках. Варыянт «для Расіі» чамусьці абсталяваны вечкам знешняй галоўкі прыцэла, замацаванай на чатырох шрубах. Перш чым пачаць бой, танкіст вымушаны вылезці з машыны, уручную адкруціць шрубы, зняць вечка і толькі пасля гэтага лезці назад у танк. Варыянт для Т-72БМ2 абсталяваны аўтаматычнай шторкай. Дробязь, але вельмі зручная.

Фото: "Ваяр"
Т-72БМ2. Фота: «Ваяр»

Як асобны плюс можна вылучыць дублявальны пульт кіравання гарматай з маніторам у камандзіра танка (у выпадку чаго ён можа ўзяць на сябе функцыі стралка).

На гэтым плюсы заканчваюцца і пачынаюцца мінусы.

Па-першае, новая машына атрымала ўсё той жа стары дызельны рухавік В-84 магутнасцю 840 конскіх сіл, што стаяў на базавых савецкіх Т-72Б. Гэта дае Т-72БМ2 меншую ўдзельную магутнасць на тону ў параўнанні не толькі з апошнімі версіямі Т-72Б3 і Т-90 з іх 1130-сільным рухавіком, але і з немадэрнізаваным Т-72Б (бо рухавік застаўся той самы, а машына за кошт удасканаленняў пацяжэла).

Адпаведна, танк будзе мець меншую хуткасць і праходнасць на перасечанай мясцовасці. Тая ж гісторыя з гусеніцамі — беларуская мадэль выкарыстоўвае састарэлыя, з паслядоўным шарнірам, менш надзейныя і зносастойкія, чым тыя, у якія «пераабулі» расійскія Т-72Б3.

Па-другое, на танку, паказаным у 2022 годзе, стаіць вельмі старая гармата 2А46М, створаная яшчэ ў 1980 годзе. Гэта самая першая савецкая гармата, здольная страляць кіраванымі ракетамі — але яна сур’ёзна састарэла і ні па рэсурсе, ні па дакладнасці не можа параўнацца з танкавымі гарматамі 2А46М-5, якія ставяць на Т-90. Таксама аўтамат зараджання гарматы 2А46М не можа выкарыстоўваць найбольш сучасныя бранябойныя апераныя падкаліберныя снарады «Свінец» (яны ёсць у Расіі, але не ў Беларусі, танкі нашай краіны дагэтуль абыходзяцца савецкімі БОПСамі «Манга» 80-х гадоў мінулага стагоддзя). Аднак нічога лепшага ў Беларусі няма.

Наколькі нам вядома, на Т-72БМ2 не сталі ўсталёўваць аўтаматызаваную сістэму кіравання для механіка-кіроўцы — замест таго каб атрымліваць усю неабходную інфармацыю з дысплея, яму давядзецца арыентавацца па прыборах са стрэлкамі, як у СССР.

Абароненасць танка вырасла ў параўнанні з базавым Т-72Б. Лоб вежы, лоб і барты корпуса закрылі дынамічнай абаронай «Кантакт-5» — намінальна гэта трохі горш, чым «Рэлікт», якімі абараняюцца барты сучасных расійскіх танкаў. Аднак па факце борт «семдзесятдвоек» прабіваецца бранябойнымі падкаліберными снарадамі што з «Кантактам», што з «Рэліктам» — так што практычна розніцы няма, абарона ўсё роўна нездавальняючая.

У астатнім абароненасць «беларуса» саступае таму ж Т-72Б3 узору 2016 года — няма супрацькумулятыўных кратаў у карме корпуса і вежы танка, у карме вежы няма таксама кантэйнераў дынамічнай абароны.

Фото: Ян Горбанюк, "Ваяр"
Т-72БМ2. Фота: Ян Гарбанюк, «Ваяр»

Танк так і не атрымаў дыстанцыйна кіраванай кулямётнай устаноўкі на даху — у версіі машыны, паказанай у ліпені, стаяў звычайны 12,7-мм буйнакаліберны НСВТ (для таго каб страляць, танкісту давядзецца высунуцца ў люк, падвяргаючы сябе небяспецы). Аднак у версіі машыны, якую паказалі Лукашэнку, гэтая праблема адпала сама сабой — дзякуючы прываранаму да даху «мангалу» стральба з кулямёта становіцца практычна немагчымай, яго ўсё роўна што няма.

Фото: Пул Первого
Т-72БМ2 з «мангалам» на даху, які паказалі Лукашэнку ў кастрычніку 2022 года. Фота: Пул Первого

Асобна варта спыніцца якраз на супрацькумулятыўных кратах, якіх не было ў беларускай мадэрнізацыі першапачаткова, але да кастрычніка яны з’явіліся. Восем месяцаў вайны ва Украіне паказалі, што «мангал» ад кіраваных ракет «Джавелінаў» і NLAW практычна ніяк не абараняе. Пры гэтым павышае сілуэт танка (яго прасцей заўважыць), дадае не вельмі вялікую, але непатрэбную масу, перашкаджае карыстацца буйнакаліберным кулямётам і пакідаць машыну, калі яна загарэлася. Чаму беларускія канструктары вырашылі да восені ўсё ж наварыць гэтую дзіўную дэталь на танк — невядома.

Ці сапраўды танк Т-72БМ2 не саступае расійскаму Т-90?

Саступае, прычым па многіх параметрах.

Беларуская прамысловасць не мае магчымасці вырабляць ні новыя гарматы, ні новыя магутныя рухавікі — па гэтых параметрах танк ад 140-га завода заўсёды будзе горшы за расійскіх «братоў». На Т-90 стаіць таксама сістэма выяўлення лазернага выпраменьвання (калі ў танк будуць цэліцца з ПТРК з ракетай, кіраванай па лазеры, аўтаматыка даведаецца пра гэта і можа адстрэліць дымавыя гранаты, прыкрыўшыся заслонай і збіўшы праціўніку прыцэл). Ёсць у танка Т-90 і іншыя перавагі.

Аднак у цэлым мадэрнізацыя савецкіх Т-72Б у постаці версіі Т-72БМ2 атрымалася хутчэй добрая, чым дрэнная. З наяўных магчымасцяў канструктары выціснулі максімум, і мадэрнізаваны танк атрымаўся значна лепшы за першапачатковы практычна ва ўсім (акрамя «мангала», вядома).

Аднак вышэй за галаву не скокнеш. Ва ўсіх версій Т-72, ад самых першых да самых апошніх, ёсць адзін неадольны недахоп — паасобнае зараджанне (гэта значыць у ствол падаецца асобна снарад і асобна парахавы зарад) і адаптаваны пад яго АЗ (аўтамат зараджання). Апошні мае сур’ёзныя абмежаванні па даўжыні снарадаў.

Сучасныя танкі лепш за ўсё прабіваюцца БОПСамі (бранябойнымі опернымі падкалібернымі снарадамі, па-простаму — «ломамі»). Чым даўжэйшы «лом», тым таўсцейшую браню ён прабівае. І тут мы ўпіраемся ў абмежаванне па даўжыні снарада, якое дыктуецца канструкцыяй аўтамата зараджання. І гэтае абмежаванне ў савецкіх танках ніяк не абысці (гэта ўдалося толькі ў расійскіх Т-14 «Армата», але, як мы ўжо пісалі вышэй, у серыю яны не пайшлі).

Заходнія танкі гэтага недахопу пазбаўленыя: іх боепрыпасы ўнітарныя (гэта значыць снарад і зарад аб’яднаныя ў адным корпусе). Калі трэба атрымаць «лом» большай даўжыні, яго проста трохі глыбей утопліваюць у гільзу — і праблема вырашаная. З гэтай жа прычыны, дарэчы, на пераважнай большасці танкаў Захаду ніякіх аўтаматаў зараджання няма — боепрыпасы падае ў ствол чалавек. Выключэннем з’яўляецца толькі французскі «Леклерк».

Американские БОПС M829 разных поколений в разрезе. Ясно видно, что длина снаряда постоянно увеличивается за счет более глубокого утапливания его в гильзу. Габариты унитарного выстрела не меняются. Фото: imgur.com
Амерыканскія БОПС m829 розных пакаленняў у разрэзе. Ясна відаць, што даўжыня снарада пастаянна павялічваецца за кошт больш глыбокага ўтоплівання яго ў гільзу. Пры гэтым габарыты ўнітарнага стрэлу не мяняюцца. Фота: imgur.com

Усё вышэйпералічанае робіць любы танк савецкай школы бездапаможным супраць сучасных машын NATO — у Т-72, Т-64, Т-80 або Т-90 проста няма і не можа быць падкаліберных снарадаў, якія былі б дастаткова габарытнымі для прабівання брані «Абрамсаў» або «Леапардаў», у той час як апошнія сваімі «ломамі» могуць прабіваць лоб танкаў з СССР з адлегласці да 4 кіламетраў.

Таму беларускую мадэрнізацыю Т-72БМ2 можна лічыць эфектыўнай толькі супраць іншых версій савецкіх танкаў, альбо супраць больш лёгкай бронетэхнікі, умацаванняў або жывой сілы. Танкі NATO беларуская машына зможа біць толькі ў борт або карму, што магчыма толькі пры значным шанцаванні.

Таксама паўстае пытанне пра тое, колькі менавіта танкаў мадэрнізуюць да новай версіі: нават калі машыны рабіць у сябе, а не ў Расіі, гэта будзе каштаваць вялікіх грошай. Ці вылучаць іх у цяперашніх умовах — вялікае пытанне.