Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Нядаўні выпадак з хлуснёй Аляксандра Лукашэнкі пра спазненне на сустрэчу ў Кыргызстане праз аўтамабіль Mercedes, які нібыта не завёўся, можа сапраўды падацца проста не самым удалым жартам. Але падобных заяваў у кар’еры палітыка можна знайсці нямала. У выніку яго прэс-сакратару і іншым службовым асобам рэгулярна даводзіцца «ўдакладняць», «канкрэтызаваць» або зводзіць да жартаў выказванні Лукашэнкі. Сёння мы сабралі некалькі заяваў палітыка за апошнія гады, пасля якіх яго паплечнікам (ці яму самому) даводзілася даваць свае трактоўкі і інтэрпрэтаваць тое, што ж ён насамрэч хацеў сказаць.

Падарунак ад Ілана Маска і апраўданні прэс-сакратара

У верасні 2019 года Лукашэнка выступаў перад вучнямі адной са школ Мінска. У размове са школьнікамі палітык расказаў, што амерыканскі мільярдэр Ілан Маск падарыў яму электрамабіль Tesla, зроблены яго кампаніяй: «Я часам яе тэстую. Маск падарыў. Потым ён мяне ўбачыў на матацыкле і кажа: „Слухай, у вас прэзідэнт на двухколавым матацыкле ездзіць?“»

Праверыць гэтыя словы палітыка аказалася нескладана. Карыстальнікі сацсеткі Twitter, якая тады яшчэ не належала Маску, задалі яму пытанне, ці дарыў ён аўтамабіль Аляксандру Лукашэнку — і той вельмі хутка адказаў: «О, не».

Прэс-сакратар Аляксандра Лукашэнкі Наталля Эйсмант так і не змагла растлумачыць паходжанне «Тэслы» ў яго аўтапарку, адказаўшы карэспандэнту DW, што машына «з завода», і рашуча абвергнуўшы версію «Камсамольскай праўды ў Беларусі» пра тое, што яна была падораная расійскім алігархам Міхаілам Гуцарыевым. Таксама Эйсмант расказала, што «перыядычна Аляксандр Рыгоравіч выпрабоўвае яе на хуткасць. А аднойчы нават разабраў часткова, каб паглядзець, як яна працуе; як батарэя да дна мацуецца».

Дарэчы, гэта не першы выпадак, калі любоў да «Тэслы» заводзіла беларускага палітыка ў нязручную сітуацыю. Яшчэ ў 2017 годзе ён расказваў, як тэставаў Tesla Model S: «Шчыра прызнаюся: праехаў 280 км/г і спалохаўся, што ён можа ўзляцець. Самалёт узлятае і садзіцца з такой хуткасцю. Вельмі добры аўтамабіль».

Тады журналісты AUTO.TUT.BY заўважылі, што гэтая мадэль аўтамабіля разганяецца толькі да 250 км/г.

Не нашыя войны пад бізуном — і зноў Эйсмант

Праз два месяцы, у лістападзе 2019 года, усё той жа Наталлі Эйсмант давялося апраўдвацца за пасаж шэфа, адпушчаны падчас інтэрв'ю для казахстанскага інфармацыйнага агенцтва «Хабар».

Гэта не зусім стандартны выпадак. Па-першае, апраўдвалася Эйсмант перад расіянамі. Па-другое, словы, для якіх ёй давялося вынаходзіць новую трактоўку, выглядалі цалкам адэкватнымі з пункту гледжання беларусаў — але былі ўспрынятыя вельмі хваравіта праўладнымі расійскімі СМІ і палітыкамі.

Вось той самы ўрывак з інтэрв'ю, які стаў трыгерам для расіян:

«Але самае галоўнае — Беларусь, ды і Казахстан, бо яны заўсёды былі пад чыімсьці бізуном, як я часта кажу. Хтосьці намі панукаў, хтосьці спрабаваў на калені паставіць. Асабліва ў Беларусі. Усе гэтыя войны — не нашыя войны. Айчынная вайна 1812 года, Напалеон прайшоўся да Масквы і назад вярнуўся праз Беларусь. Усё разрабавана, усё было знішчана. Потым Першая сусветная вайна. Дайшлі да таго, што ад Беларусі засталася толькі вузенькая палосачка — частка ўсходніх губерняў адышла Расіі, а да Мінска адышлі Польшчы паводле Рыжскай дамовы. Потым Другая сусветная вайна, у нас — Вялікая Айчынная вайна. Цалкам Беларусь сцерлі з твару зямлі. Гэта не нашыя былі войны».

Калі не захапляцца пошукам іншасказанняў і схаваных сэнсаў, у гэтых словах можна ўбачыць цалкам аб’ектыўную карціну, якая, аднак, не кладзецца ў канву расійскага гістарычнага міфа. Для чалавека, які існуе ў парадыгме «трыадзінага рускага народа», рэальнасць з Беларуссю пад расійскім бізуном, якая пакутуе ад страшных чужых войнаў, можа выглядаць жахлівым адкрыццём або адкрытай хлуснёй.

Фото: Reuters
Аляксандр Лукашэнка, Уладзімір Пуцін і Дзмітрый Мядзведзеў. Фота: Reuters

Завочным апанентам Лукашэнкі выступіў тагачасны прэм’ер-міністр Расіі Дзмітрый Мядзведзеў, які клікаў на дапамогу ў найлепшых традыцыях расійскай прапаганды аўтарытэт «бацькоў і дзядоў»: «Мне здаецца, што ні ў якім разе мы не павінныя кідаць хоць нейкі цень на подзвіг нашых продкаў, якія абаранялі сваю зямлю, жылі на тэрыторыі сучаснай Расіі, Беларусі, яны абаранялі сваю зямлю ад захопнікаў. Нашыя бацькі і дзяды абаранялі сваю зямлю, гэта не „ўдзел у чужых войнах“».

Парыруючы выпад Мядзведзева, Наталля Эйсмант спачатку не вельмі пераканаўча абвінаваціла яго ў скажэнні сутнасці выказвання Лукашэнкі: «Рэакцыя [Мядзведзева], трэба сказаць, вельмі нечаканая — і нечаканасць яе заключаецца ў поўным скажэнні сутнасці. Усё гранічна ясна: гаворачы пра гэта, прэзідэнт меў на ўвазе, што наваяваліся — і Беларусь, і Расія. Хопіць».

А потым папракнула Расію ў адсутнасці належнай, на яе думку, эканамічнай падтрымкі Беларусі: «Яшчэ больш дзіўна для расійскага прэм’ера мусіць выглядаць тое, што пасля столькіх пройдзеных разам выпрабаванняў сёння нашыя краіны загразлі ў бясконцых перамовах па нафце, газе і нават прадуктах харчавання».

Мізагініяй па мізагініі: дапамога ад самога сябе

29 траўня 2020 года падчас наведвання Мінскага трактарнага завода Лукашэнка крытычна выказаўся наконт здольнасці жанчын — кандыдатак у прэзідэнты перамагчы на выбарах і заявіў пра негатоўнасць беларускага грамадства выбраць жанчыну-прэзідэнта: «Вось я часта кажу: Наталля Іванаўна (Качанава, кіраўнік Савета Рэспублікі. — Заўв. рэд.), за цябе таксама не прагаласавалі б, хоць ты прапечаны ўжо, гатовы прэзідэнт. У нас Канстытуцыя не пад жанчыну. І ў нас грамадства не саспела для таго, каб галасаваць за жанчыну. Таму што ў нас па Канстытуцыі прэзідэнт мае моцную ўладу».

Пра тое, у чый агарод быў запушчаны гэты камень, здагадацца нескладана. У гэты ж дзень у Гродне ў выніку правакацыі з удзелам супрацоўнікаў МУС на пікеце па зборы подпісаў на карысць Святланы Ціханоўскай быў затрыманы яе муж і лідар ініцыятыўнай групы Сяргей Ціханоўскі (яму самому Цэнтрвыбаркам у рэгістрацыі адмовіў, бо на дакументах не было яго подпісу — праз адміністрацыйны арышт, які адбываў блогер).

Александр Лукашенко во время саммита лидеров Содружества Независимых Государств (СНГ) в Астане, Казахстан 14 октября 2022 г.Фото: Reuters
Аляксандр Лукашэнка падчас саміту лідараў Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД) у Астане, Казахстан, 14 кастрычніка 2022 года. Фота: Reuters

Публічнае скажэнне звестак пра Канстытуцыю, якая ні ў мінулых, ні ў цяперашняй рэдакцыях нічога не кажа пра пол прэзідэнта краіны, а таксама дыскрымінацыйныя выказванні ў адрас жанчын з вуснаў патэнцыйнага кандыдата Лукашэнкі многія грамадзяне палічылі недапушчальнымі. Хоць ні Цэнтрвыбаркам, ні Генпракуратура не знайшлі ў словах палітыка парушэнняў заканадаўства, іх шырокі грамадскі рэзананс вымусіў апошняга выступіць з тлумачэннямі.

Але стала яшчэ горш. Спачатку Лукашэнка паспрабаваў апраўдацца за скажэнне Канстытуцыі: «Мяне спрабуюць цяпер з жанчынамі сутыкнуць. Памятаеце, я аднойчы сказаў, што ў Беларусі пакуль жанчына не можа быць прэзідэнтам. Шэраг прычын назваў, але выхапілі з кантэксту Канстытуцыю».

А потым, як сапраўдны сэксіст, зноў выставіў жанчын нейкімі непаўнавартаснымі людзьмі, чамусьці не здольнымі выконваць прэзідэнцкія абавязкі, з якімі могуць спраўляцца мужчыны: «Што я меў на ўвазе: што ў нас Канстытуцыя такая, што нават мужыку цяжка несці гэтую ношу. А калі яе загрузіць на жанчыну, яна паваліцца, небарака. Не таму што я не паважаю жанчын. Калі б не было жанчын, я б не быў прэзідэнтам».

Нік, Майк, «крэпкі арэшак» і дапамога ад дзяржСМІ

У пачатку верасня 2020 года, калі становішча Лукашэнкі ў Беларусі выглядала вельмі хісткім праз самыя масавыя пратэсты ў гісторыі краіны, палітык прадэманстраваў сваю безумоўную карыснасць расійскім саюзнікам. Зрабіў гэта як умеў: у гутарцы з прэм’ер-міністрам РФ Міхаілам Мішусціным заявіў, што беларускія спецслужбы перахапілі перамовы Берліна і Варшавы, якія пацвярджаюць, што апазіцыйны расійскі палітык Аляксей Навальны не быў атручаны расійскімі спецслужбамі.

Выраз твару Мішусціна падчас гэтай сенсацыйнай заявы падказваў, што на гэтым варта спыніцца. Але ўжо ўвечары беларускія дзяржаўныя СМІ «выратавалі становішча» і апублікавалі англамоўны дыялог берлінца Ніка і варшавяніна Майка, які мусіў пацвердзіць словы Лукашэнкі. Вось яго пераклад на беларускую мову:

Варшава: Алё! Добры дзень, Нік. Як нашыя справы?

Берлін: Здаецца, усё па плане… матэрыялы па Навальным гатовыя. Будуць перапраўленыя ў адміністрацыю канцлера [Меркель]. Чакаем яе заявы.

Варшава: Атручанне пацвярджаецца дакладна?

Берлін: Слухай, Майк, у дадзеным выпадку гэта не так важна… Ідзе вайна… А падчас вайны ўсе метады добрыя.

Варшава: Згодны, трэба адбіць ахвоту Пуціну сунуць нос у справы Беларусі… Самы эфектыўны шлях — патапіць яго ў праблемах Расіі, а іх нямала! Тым больш найбліжэйшым часам у іх выбары, дзень галасавання ў рэгіёнах Расіі.

Берлін: Гэтым і займаемся. А як наогул справы ў Беларусі?

Варшава: Калі шчыра, не вельмі. Прэзідэнт Лукашэнка аказаўся крэпкім арэшкам. Яны прафесіяналы і арганізаваныя. Зразумела, іх падтрымлівае Расія. Чыноўнікі і вайскоўцы адданыя прэзідэнту. Астатняе пры сустрэчы, не па тэлефоне.

Берлін: Так-так, разумею, тады да сустрэчы, пакуль.

Варшава: Пакуль.

Александр Лукашенко открывает «Славянский базар» в Витебске в 2014 году. Фото: Okras, CC BY-SA 4.0, commons.wikimedia.org
Аляксандр Лукашэнка адкрывае «Славянскі базар» у Віцебску ў 2014 годзе. Фота: Okras, CC BY-SA 4.0, commons.wikimedia.org

Гэты тэкст гаворыць сам за сябе — дадаць да яго няма чаго. Доказ аказаўся настолькі «жалезабетонным», што заслужыў скептычную ацэнку нават ад аднаго з галоўных рупараў крамлёўскай прапаганды — Уладзіміра Салаўёва, які і сам з’еў не аднаго сабаку ў справе стварэння «праўдападобных» фэйкаў.

100 даляраў за выезд і пацверджанне ад Пракаповіча

Лукашэнка даўно дэманструе здольнасць маментальна знаходзіць лёгкія рашэнні для найцяжэйшых задач. У верасні 2013 года падчас наведвання завода «Мотавела» палітык разрадзіўся спосабам радыкальна падправіць знешнегандлёвы баланс за кошт беларускіх грамадзян. Перадавая эканамічная думка пачала развівацца з усведамлення праблемы на прыкладзе лядоўняў: «Чаму мы ствараем умовы для ўвозу ў краіну імпарту, яшчэ і на льготных умовах? У нас свае лядоўні, навошта нам ільготныя ўмовы ствараць для ўвозу ляддоўняў з-за мяжы?»

Гэта раптам вылілася ў цудадзейны рэцэпт, які мусіў не толькі абараніць вытворцаў лядоўняў і іншых імпартазамяшчальных тавараў, але і прыкметна папоўніць бюджэт: «Нашыя людзі сёння да 3 млрд даляраў у год вывозяць за мяжу ў Еўрасаюз і ўвозяць барахло, якое мы таксама выпускаем. Дык вось, я даўно даручыў: аж да таго, што з’язджаеш за межы, усё роўна навошта, — заплаці пошліну. Гэта будзе так: мы цябе на мяжы абслугоўваем, плаці 100 даляраў з носа і едзь за мяжу».

Герой Беларусі Пётр Пракаповіч. Фота: TUT.BY

Хоць чынавенства ў асобе Героя Беларусі, віцэ-прэм'ера Пятра Пракаповіча аператыўна адрапартавала, што ўжо вялася праца па ўвядзенні пошліны для беларусаў, якія выязджаюць за мяжу, самі беларусы ад такога абслугоўвання з боку дзяржавы ў захапленне не прыйшлі. Без усялякай падказкі з боку прэс-сакратароў яны паставіліся да словаў Лукашэнкі як да кепскага жарту, але на ўсялякі выпадак пачалі збіраць подпісы пад петыцыяй аб адмене ініцыятывы палітыка, якая парушае адразу некалькі артыкулаў Канстытуцыі і розных міжнародных дамоваў. А эканамісты адзначалі эканамічную нежыццяздольнасць самой ідэі.

У падтрымку выязной пошліны для беларусаў выказваліся і іншыя чыноўнікі высокага рангу. Напрыклад, тагачасны старшыня Мінскага гарвыканкама Мікалай Ладуцька заяўляў, што яе ўвядзенне «прадыктаванае інтарэсамі большасці». Але, на шчасце, у 2013 годзе выязная пошліна для беларусаў так і засталася «дасціпным» маўленчым абаротам.

Але збор за перасячэнне дзяржаўнай мяжы, нібыта накіраваны на барацьбу з каранавіруснай інфекцыяй, сапраўды з’явіўся ў Беларусі ў 2021 годзе. Цяпер ён спаганяецца ў памеры 32 рублёў за адзін транспартны сродак (незалежна ад колькасці пасажыраў). А сам мінскі мотавелазавод, неабходнасць выратавання якога натхніла Лукашэнку на смелыя эканамічныя пошукі, цалкам збанкрутаваў у 2018 годзе.