Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Колькасць палітвязняў у Беларусі ўсё расце — калі пазамінулай восенню за кратамі па палітычных матывах знаходзілася 660 чалавек (што ўжо было жахліва высокай лічбай), то цяпер праваабарончы цэнтр «Вясна» паведамляе амаль пра паўтары тысячы тых, хто трапіў за краты за сваю грамадзянскую пазіцыю. Для значнай часткі грамадства вызваленне палітвязняў застаецца адным з галоўных пытанняў. Але як гэта можа адбыцца? Каб знайсці адказ, мы паглядзелі, як выходзілі на волю людзі, што апынуліся за кратамі за палітыку, у розных краінах у мінулыя гады.

Рэдакцыя «Люстэрка» разам з дзясяткамі іншых незалежных медыя і грамадскіх арганізацый запускае марафон дапамогі палітвязням і іх сем’ям «Нам не ўсё адно!». Мы будзем збіраць грошы для людзей, якіх беларускі рэжым усімі сіламі спрабуе ізаляваць. Улады хочуць, каб палітычныя зняволеныя і іх блізкія адчувалі сябе забытымі — і нам, беларусам, вельмі важна гэтага не дапусціць. Дапамажыце людзям, якія апынуліся за кратамі за свае перакананні.  

Тут падрабязнасці марафону і важная інфармацыя для чытачоў з Беларусі

Дзеля вашай бяспекі рэдакцыя «Люстэрка» заклікае не данаціць з картак беларускіх банкаў. Калі вы чытаеце гэта знаходзячыся ў Беларусі — вы ўжо робіце вельмі важную справу. Вы пераадольваеце страх і не даяце рэжыму прымусіць вас не глядзець вакол. Грошы будуць збірацца на адзіны рахунак фонду «21 мая», створанага Вольгай Гарбуновай, прадстаўніцай Кабінета па сацыяльных пытаннях. Пасля яны будуць перададзеныя арганізацыям, якія дапамагаюць палітвязням і іх сем’ям. Мінімальнае ахвяраванне ўстаноўленае на ўзроўні 5 еўра для таго, каб не даць нядобразычліўцам заблакаваць кампанію па зборы сродкаў вялікай колькасцю маленькіх плацяжоў — яны выклікаюць падазрэнні ў аплатнай сістэмы, і яна спыняе прыём грошай.

СССР: дзве хвалі вызваленняў, але з агаворкамі

Вядома, першым у нашым спісе будзе Савецкі Саюз — шматлікія лагеры сістэмы ГУЛАГ уключалі і такія, што спецыяльна прызначаліся для тых, каго адназначна назвалі б палітвязнямі. Яны масава выходзілі на волю ў СССР двойчы: у пяцідзясятыя і ў другой палове васьмідзясятых.

У першыя гады савецкай улады той, хто трапіў у турму «за палітыку», мог выйсці на волю, калі да яго справы прыцягвалі ўвагу — сістэма яшчэ не паспела закаснець. Так, у 1925 годзе галадоўка асуджаных эсэраў (чальцоў партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў — «спадарожнікаў» бальшавікоў на рэвалюцыйным шляху, якіх камуністы пасля перамогі бязлітасна рэпрэсавалі) прывяла да вызвалення некалькіх чалавек. З часам гэтае «акенца» закрылася — аналагічныя забастоўкі ў 1930-х нікога не ўражвалі, патрабаванні зняволеных не выконваліся, асуджаных «за палітыку» расстрэльвалі.

Заключенные на строительстве Беломоро-Балтийского канала, тридцатые годы. Фото: commons.wikimedia.org
Зняволеныя на будаўніцтве Беламорска-Балтыйскага канала, трыццатыя гады. Фота: commons.wikimedia.org

Яшчэ ў 1943 годзе спецыяльна для праціўнікаў савецкай улады ў СССР аднавілі скасаваную з царскіх часоў катаргу. Менавіта катаржныя работы былі самым суровым пакараннем для большасці рэвалюцыянераў царскай Расіі — але ў краіне саветаў яны аказаліся неймаверна жорсткімі нават у параўнанні з дарэвалюцыйным часам (11-гадзінны працоўны дзень зімой, зніжаныя пайкі, цяжарным — прымусовыя аборты). Праз некалькі гадоў савецкую катаргу скасавалі, але толькі для таго, каб замяніць параўнальнымі па строгасці рэжыму «асаблагамі» — спецыяльнымі лагерамі, дзе ўтрымліваліся палітвязні. Праўда, іх закрылі ў асноўным яшчэ да смерці Сталіна, зноў перавёўшы «палітычных» у звычайныя лагеры.

Насуперак стэрэатыпам, смерць Сталіна ў сакавіку 1953 года не прывяла да масавага вызвалення палітвязняў. Хоць дэсталінізацыю ў той ці іншай форме падтрымлівалі ўсе ўдзельнікі трыумвірату, што прыйшоў да ўлады: і Мікіта Хрушчоў, і Георгій Малянкоў, і нават Лаўрэнцій Берыя — знакамітая амністыя ад 27 сакавіка 1953 года, калі на волю выйшла каля 1,2 мільёна чалавек, закранула «палітычных» у невялікай ступені. У асноўным вызвалялі тых, хто атрымаў паводле прысуду менш за пяць гадоў — а за палітыку давалі больш.

Папулярная версія, што асноўную частку палітвязняў вызвалілі пасля дакладу Хрушчова ў 1956 годзе, які развянчаў культ асобы Сталіна, таксама не зусім дакладная. Сучасныя даследаванні паказваюць, што з 1954 да 1956 года з 467 тысяч «палітычных» у лагерах засталося каля 114 тысяч — то-бок вызвалілі тры чвэрці. Як мяркуюць даследчыкі, сапраўднай прычынай выхаду на волю сталі з высокай імавернасцю не смерць «бацькі народаў» і не даклад Хрушчова, а маштабныя паўстанні ў лагерах, якія сягнулі піку да 1954-га. Людзі не хацелі заставацца ў стане быдла і былі гатовыя дзеля гэтага пайсці на смерць.

Фото: Kauno IX forto muziejus, CC BY 4.0, commons.wikimedia.org
Зняволеныя ў лагеры Кенгір у Казахстане. Тут у 1954-м адбылося адно з найбуйнейшых лагерных паўстанняў. Фота: Kauno IX forto muziejus, CC BY 4.0, commons.wikimedia.org

Асноўную ролю ў амніставанні і рэабілітацыі несправядліва абвінавачаных гралі так званыя рэабілітацыйныя камісіі, арганізаваныя Хрушчовым. Іх удзельнікі мусілі разгледзець кожную справу асобна і рассудзіць па справядлівасці. Даследаванні паказваюць, што працавалі яны з «празмернай асцярожнасцю», перастрахоўваючыся, як бы чаго не здарылася — аднак усё роўна іх дзейнасць прывяла да масавага вызвалення.

Праўда, цяжка ішло з рэабілітацыяй. Калі адпусціць чалавека на свабоду камісіі часцяком згаджаліся, то афіцыйнае прызнанне невінаватасці было рэдкім. Па стане на 1956 год, піша французскі гісторык Марк Элі, рэабілітавалі усяго 3271 чалавека — не больш чым 6,4% ад агульнай колькасці вызваленых. Значна большай колькасці людзей альбо зніжалі тэрміны, альбо проста адмаўлялі. Вызваленая ў 1956 годзе палітзняволеная Любоў Бяршадская ўспамінала, што размовы чальцоў камісій са зняволенымі доўжыліся пяць-дзесяць хвілін і заканчваліся словамі: «Вы здзейснілі злачынства, але савецкі ўрад амністуе вас і вызваляе з-за кратаў».

Так ці інакш, з рэабілітацыяй або без, пераважная большасць людзей, асуджаных за палітыку, у канцы 1950-х гадоў пакінула лагеры. Пры гэтым у 1959 годзе Мікіта Хрушчоў заявіў, што палітвязняў у СССР няма зусім, а супрацьстаяць камунізму могуць толькі псіхічна ненармальныя людзі.

Хуткаплынная хрушчоўская адліга змянілася часам брэжнеўскага застою, калі за іншадумства зноў пачалі пераследаваць. Працэс над пісьменнікамі Юліем Даніэлем і Андрэем Сіняўскім (абодва публікавалі свае творы на Захадзе) стаў першым за доўгі час палітычным судом у СССР. Вядомы савецкі журналіст Ілля Эрэнбург успамінаў, што гэта быў першы суд з 1922 года (тады судзілі эсэраў, частка якіх потым выйшла на волю пасля галадоўкі — мы пісалі пра гэта вышэй), дзе ніхто з падсудных не каяўся і не агаворваў сябе. Тым не менш пісьменнікаў прызналі вінаватымі і далі Даніэлю пяць, а Сіняўскаму — сем гадоў (савецкі нобелеўскі лаўрэат Міхаіл Шолахаў публічна наракаў на мяккасць пакарання, відавочна намякаючы на тое, што раней аўтараў чакала б смерць).

Леонид Брежнев (справа) в ГДР в 1971 году. Фото: German Federal Archive
Леанід Брэжнеў (справа) у ГДР у 1971 годзе. Фота: German Federal Archive

Новая хваля барацьбы з іншадумцамі прывяла да адпраўкі на нары ўжо не сотняў тысяч, а проста тысяч чалавек. Расстрэльваць перасталі, але з’явілася «новаўвядзенне» ў выглядзе карнай псіхіятрыі.

Для ўтрымання палітвязняў былі створаныя асаблівыя лагеры — спачатку ў Мардовіі, потым на Урале, у Пермскай вобласці. Самым страшным і вядомым з іх стала калонія строгага рэжыму «Перм-36», дзе сядзелі самыя вядомыя дысідэнты эпохі. Менавіта там памёр пасля галадоўкі знакаміты ўкраінскі паэт Васіль Стус. Гэта адбылося ў верасні 1985 года — ва ўладзе ўжо быў Міхаіл Гарбачоў (які, дарэчы, у 1986 годзе літаральна паўтарыў фразу Хрушчова пра тое, што ў СССР палітвязняў няма: «За перакананні ў нас не судзяць»).

Пераломнай падзеяй у лёсе савецкіх палітвязняў стала галадоўка Анатоля Марчанкі. У 1986-м ён пачаў галадаць, патрабуючы «спыніць здзекі і вызваліць усіх палітвязняў СССР» — гэта цягнулася 117 дзён. Праз 12 дзён пасля заканчэння галадоўкі Марчанка памёр. Праз месяц палітвязняў у СССР пачалі вызваляць — апошні раз у гісторыі савецкай імперыі. Спачатку ніякай амністыі не абвяшчалася — кожны, хто хацеў выйсці на волю, абавязаны быў напісаць асобнае прашэнне пра памілаванне. Потым з’явіліся два ўказы Прэзідыума Вярхоўнага Савета (парламента) СССР пра памілаванне, і пазней работнік пракуратуры краіны Уладзімір Андрэеў расказваў, што большую частку палітвязняў вызвалілі ў 1987 годзе, аднак працэс расцягнуўся да канца наступнага года.

Так, самы вядомы беларускі палітвязень, ураджэнец Бабруйска Міхаіл Кукабака (агулам ён правёў у турмах і спецвар’ятнях турэмнага тыпу каля 17 гадоў) прашэнне пісаць адмовіўся — і ў 1988 годзе выйшаў на волю па амністыі. На радзіме пра яго забылі, і ён пасяліўся ў Маскве.

Слева направо: поэтесса Антонина Хотенко, поэт Олег Бембель, диссидент Михаил Кукобака (выступает), художник Микола Купава. Минск, парк Челюскинцев, 1990 год. Фото: Владимир Сапагов, vytoki.net
Злева направа: паэтка Антаніна Хатэнка, паэт Алег Бембель, дысідэнт Міхаіл Кукабака (выступае), мастак Мікола Купава. Мінск, парк Чалюскінцаў, 1990 год. Фота: Уладзімір Сапагаў, vytoki.net

Некаторыя зняволеныя працягвалі паміраць, не выйшаўшы на волю — так, знакаміты бюлетэнь «Вести из СССР. Права человека», які быў адной з асноўных крыніц інфармацыі пра палітвязняў, пісаў пра смерць у снежні 1987 года крышнаіта Саркіса Агаджаняна. Ён стаў апошнім вязнем калоніі «Перм-36» — з 1988 года там ніхто не адбываў пакаранне. Пазней у ёй арганізавалі музей, які з пачаткам «новай халоднай вайны» ў 2014 годзе фактычна спыніў сваю працу — у новай Расіі памяць пра ахвяры рэпрэсій захоўваць не надта імкнуцца.

Што ж да рэабілітацыі несправядліва абвінавачаных, то тут усё зноў аказалася не так гладка. Прававую аснову забяспечылі два ўказы ад 1989 і 1990 гг, што датычылі ў асноўным ахвяр рэпрэсій часоў сталінізму. Разгляд справаў расцягнуўся на гады, і станоўчы вынік зусім не быў гарантаваны.

Так і не рэабілітавалі беларуса Сяргея Ханжанкова, які ў 1962 годзе спрабаваў падарваць «глушылку», што не давала мінчукам слухаць заходнія радыёстанцыі.

Адмовіліся рэабілітаваць Ігара Агурцова, які адбыў 20 гадоў. У шасцідзясятыя ён стварыў нефармальную арганізацыю. Словам, больш чым імаверна, што савецкім уладам было нязручна прызнаваць свае памылкі, і ў абодвух выпадках (пасля смерці Сталіна і падчас перабудовы) палітвязні маглі выйсці на волю, не атрымаўшы ніякага пацверджання, што ўсе папярэднія гады сядзелі бязвінна.

Трэці рэйх: знікненне дзяржавы

Палітычныя зняволеныя з’явіліся ў Германіі адразу пасля прыходу да ўлады Адольфа Гітлера ў 1933 годзе — весці са сваімі праціўнікамі сумленную парламенцкую барацьбу нацысцкі правадыр не збіраўся.

Так, першы з вядомых канцэнтрацыйных лагераў, у якіх загінулі за гады нацызму сотні тысяч чалавек — Дахау блізу аднайменнага гарадка ў Баварыі, — першапачаткова прызначаўся якраз для ўнутраных палітычных праціўнікаў рэжыму. Рэйхсфюрэр СС і паліцай-прэзідэнт Мюнхена Генрых Гімлер афіцыйна апісваў яго як «першы канцэнтрацыйны лагер для палітвязняў».

Вход в лагерь Аушвиц. Фото: pzk net, CC BY 3.0, commons.wikimedia.org
Уваход у лагер Аўшвіц. Фота: pzk net, CC BY 3.0, commons.wikimedia.org

Аднак Трэці рэйх большасць сваіх ворагаў шукаў усё ж сярод людзей, якія вылучаліся не палітычнымі поглядамі, а паходжаннем. Самыя масавыя рэпрэсіі закранулі габрэяў, цыган, псіхічна хворых людзей, пазней — ваеннапалонных, а не палітвязняў. Так, на сайце лагера смерці Аўшвіц (каля польскага горада Асвенцім) падрабязна расказваецца пра працэдуру вызвалення палітычных. Паводле гэтай крыніцы, у першыя гады ў асуджаных за палітыку былі нядрэнныя шанцы пакінуць Аўшвіц даволі хутка: праз тры месяцы — год. Зрэшты, ёсць звесткі, што тым, хто быў вызвалены, забаранялася расказваць пра сваю адседку і прадпісвалася пакінуць Германію — але незразумела, наколькі гэта было масава.

Выключэнне рабілася для асобаў, «відавочна варожых рэжыму», у першую чаргу камуністычных лідараў — іх не вызвалялі. Паслабленні, зрэшты, паступова адмяняліся і да 1942 года былі цалкам ліквідаваныя — пакінуць лагер смерці стала немагчыма. Захаваныя дакументы дазваляюць ацаніць колькасць вызваленых з Аўшвіца палітвязняў у 1600 палякаў, 200 чэхаў і пэўную колькасць прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў.

Зрэшты, нават гэта не робіць адзін з самых страшных гітлераўскіх лагераў месцам, дзе выконваліся правы чалавека — колькасць загінулых там ацэньваюць у 1,5 мільёна чалавек.

Вызваленне ажыццяўлялася па заяве аддзялення паліцыі, з якога чалавек трапіў у лагер, потым дакумент падарожнічаў па інстанцыях, адна з якіх (Галоўнае ўпраўленне бяспекі рэйха) прымала канчатковае рашэнне вызваліць чалавека.

Даследчыкі мяркуюць, што большасць выпадкаў вызвалення людзей з-за калючага дроту звязанае з намаганнямі сваякоў зняволеных, якія часта давалі хабар службовым асобам, — і гэта працавала. Аднак ёсць і сведчанні, што людзей, вызваленне якіх уяўлялася цалкам імаверным (асуджаных па лягчэйшых артыкулах) насамрэч адпускалі не часцей, чым усіх астатніх. Зусім не практыкавалася вызваленне за добрую працу. Затое адпускалі людзей, якія маглі абгрунтавана лічыцца ворагамі Рэйха — так, аднойчы з Аўшвіца выйшла вялікая група польскіх афіцэраў, частка з якіх потым улілася ў падполле. Гэта тлумачыцца непаслядоўнай ці нават хаатычнай палітыкай лагерных уладаў.

Што да канчатковага вызвалення палітычных зняволеных (тых, каму ўдалося выжыць) у гітлераўскай Германіі, то яно прайшло нашмат прасцей, чым у Савецкім Саюзе. Рэйх пацярпеў поўны і безумоўны ваенны разгром, яго арміі былі разбітыя і ўзятыя ў палон, Гітлер застрэліўся, а дзяржаўны лад быў знішчаны. У такіх умовах арміі СССР і саюзнікаў проста даходзілі да чарговага канцэнтрацыйнага лагера і вызвалялі яго насельнікаў (а ў Бухенвальдзе, напрыклад, зняволеныя паднялі паўстанне і вызваліліся самі), не разбіраючы, палітычныя перад імі зняволеныя ці іншыя вязні.

Ніякіх сведчанняў пра асаблівы падыход да палітвязняў, адрозны ад падыходу да іншых ахвяр нацызму, нам знайсці не ўдалося. Строга кажучы, незразумела, ці можна казаць пра вызваленне палітвязняў менавіта ў гітлераўскай Германіі: на вызваленых тэрыторыях нацысцкія законы ўжо не дзейнічалі, і сам Трэці рэйх саюзнікі ў працэсе наступлення проста ліквідавалі.

Польская Народная Рэспубліка: самае мірнае вырашэнне пытання

Пра вызваленне палітычных зняволеных у Польскай Народнай Рэспубліцы можна сказаць, што гэта магло б служыць узорам мірнага вырашэння найскладанейшага пытання для любой краіны. Хоць у 1981 годзе генерал Войцех Ярузельскі, які ўзначальваў урад, абвясціў ваеннае становішча і ўлады паспрабавалі знішчыць знакаміты прафсаюз «Салідарнасць», наступныя гады паказалі: праблем, якія стаяць перад краінай, гэта ніяк не вырашае.

У выніку ў другой палове дзесяцігоддзя ўлада і апазіцыя Польшчы пагадзіліся на перамовы, вядомыя як «круглы стол». І яшчэ да пачатку перамоваў апазіцыя запатрабавала вызвалення палітычных вязняў. Лідар пратэстоўцаў Лех Валэнса не мог весці дыялог, пакуль у турмах трымалі невінаватых — і ўжо ў верасні 1986 года была абвешчаная амністыя (па ёй на волю выйшаў, напрыклад, адзін з лідараў «Салідарнасці» Збігнеў Буяк).

Калі «палітычныя» аказаліся на волі, адбыліся перамовы — і да канца васьмідзясятых Польшча стала свабоднай ад дыктатуры. Такім чынам, намінальна палітвязні выйшлі на волю яшчэ падчас панавання камуністаў, а не ў выніку саміх «круглых сталоў».

Іспанія: пакт забыцця

У Іспаніі, якая пасля грамадзянскай вайны 1936−1939 гадоў стала персаналісцкай дыктатурай каўдыльё (то-бок правадыра) Франсіска Франка, пытанне з вызваленнем палітвязняў было вырашанае гэтак жа проста, як і ў Польшчы, але з нюансамі.

Штуршком да пераменаў у краіне стала смерць у 1975 годзе самога Франка, які кіраваў Іспаніяй амаль 40 гадоў. Падчас грамадзянскай вайны і пасля перамогі франкістаў рэпрэсіі супраць іншадумцаў былі лютымі: каля 400 тысяч чалавек аказаліся ў лагерах і турмах. Хоць каўдыльё разумеў важнасць замірэння і ўжо ў 1940 годзе загадаў узвесці недалёка ад Мадрыда «Даліну Палеглых» — манумент, прысвечаны памяці іспанцаў, якія загінулі па розныя бакі фронту, — гэта не супакоіла прыхільнікаў пераможаных. Да прыкладу, падчас будаўніцтва буйных аб’ектаў у краіне шырока выкарыстоўваўся бясплатная праца зняволеных (часта гэта былі праціўнікі Франка).

Долина Павших в Испании. Монументальное сооружение возводилось в том числе бесплатным трудом заключенных. Фото: Godot13, CC BY-SA 4.0, commons.wikimedia.org
«Даліна Палеглых» у Іспаніі. Манументальнае збудаванне ўзводзілася ў тым ліку бясплатнай працай палітычных зняволеных. Фота: Godot13, CC BY-SA 4.0, commons.wikimedia.org

Калі цела Франсіска Франка спачыла ва ўсё той жа «Даліне Палеглых», іспанскія палітыкі пачалі перамены. Але паміж рознымі групамі было так шмат супярэчнасцяў наконт таго, хто і якую адказнасць мусіць несці, што ў выніку вырашылі проста забыць усё, што было, нікога не караць і не патрабаваць справядлівасці ні для якага з бакоў.

У 1977 годзе для гэтага падпісалі «Пакт забыцця». Для палітычных зняволеных прынялі закон пра амністыю, палітэмігранты атрымалі права вярнуцца ў Іспанію — аднак ніякія каты, што здзяйснялі злачынствы ў імя рэжыму, не адправіліся за краты. Наступныя дзесяцігоддзі пра грамадзянскую вайну ў краіне было проста не прынята казаць.

У цэлым эксперымент аказаўся паспяховым, хоць цяпер іспанцы ўжо не так упэўненыя ў гэтым — не ўсе супярэчнасці ўдалося пераадолець. Тым не менш сённяшняя Іспанія цалкам дакладна не настолькі расколатая, якой была падчас кіравання Франка і ў першыя гады пасля яго.

Які з гэтых шляхоў найбольш імаверны для Беларусі?

Асаблівасць кожнага з пералічаных варыянтаў — наяўнасць для яго рэалізацыі нейкага стартавага фактару: унутранага ці вонкавага разбурэння рэжыму, смерці аўтарытарнага лідара, ваеннай паразы краіны, што рэпрэсавала грамадзян.

Паколькі Беларусь — не паўнавартасныя ўдзельніца вайны, вельмі сумнеўны «германскі» варыянт — наўрад ці якая-кольвек замежная армія (акрамя расійскай) увойдзе на беларускую тэрыторыю, каб зрынуць рэжым — а для РФ зрынанне Лукашэнкі цяпер наўрад ці выгаднае.

Што да «савецкага» варыянту, то ўлады Беларусі раней выкарыстоўвалі якраз яго, дазавана выпускаючы палітвязняў (наогул падабенстваў тут шмат — як і Хрушчоў з Гарбачовым, Аляксандр Лукашэнка не прызнае наяўнасці палітвязняў, а каб вызваліцца, трэба пісаць прашэнне пра памілаванне). Праўда, цяпер беларускі рэжым не дэманструе ніякага імкнення змяншаць колькасць палітычных вязняў, затое актыўна яе павялічвае. Таму імавернасць, што ўлады рэзка здадуць назад і выпусцяць людзей — хай і без рэабілітацыі, — малая. «Польскі варыянт» упіраецца ў тое ж пытанне — наколькі рэжым будзе гатовы ісці на перамовы? Пакуль гэтага жадання не прасочваецца.

Што да іспанскага «пакта забыцця», то тут трэба, каб супала нават больш абставінаў — магчымая смерць Аляксандра Лукашэнкі мусіць дапоўніцца жаданнем вырашыць пытанне ў тых, хто будзе выконваць функцыі кіравання краінай пасля. Загадзя разлічваць на такое немагчыма.

Самае важнае тое, што без дэмантажу аўтарытарнага або дыктатарскага рэжыму канчатковае вызваленне палітвязняў немагчымае. У СССР пасля масавай хвалі выхаду на волю ў 1950-я рэжым неўзабаве зноў зрабіўся больш жорсткім і зноў пачаў саджаць іншадумцаў — хай і не так масава. Месца сотняў палітвязняў, якіх выпускалі на волю ў Трэцім рэйху, займалі новыя. Тое самае было і ў Польшчы. Толькі карэнныя змены ў самім ладзе дзяржавы дазвалялі забыць пра тэрмін «палітвязні» канчаткова. З пералічаных вышэй прыкладаў гэта адбылося ўсюды, акрамя шэрагу краін — спадчынніц СССР — у тым ліку Беларусі і Расіі.

Чытайце таксама