Уладзімір Катляроў — саліст аднаго з галоўных пратэсных гуртоў Расіі «Порнофильмы». Пасля 24 лютага 2022 года ён пераехаў жыць у Грузію і заняў выразную антываенную пазіцыю. Мы пагаварылі з музыкам пра тое, як у расійскіх рэгіёнах адрэагавалі на пачатак вайны, пра яго стаўленне да таго, што адбываецца, сустрэчы з беларусамі на канцэртах, пратэсты ў нашай краіне і залежнасць ад алкаголю і наркотыкаў.
«Калі ўбачыў рэакцыю на вайну ў Расіі, расчараваўся. Прыкладна праз тыдзень прыняў рашэнне з’ехаць»
— У Расіі вы жылі ў Дубне, насельніцтва якой — каля 70 тысяч чалавек, з краіны з’ехалі ў сакавіку 2022-га. Як у гэтым горадзе ўспрынялі пачатак вайны? Што казалі вашыя знаёмыя?
— Я шмат думаў пра першыя дні вайны, і мне прыйшла ў галаву адна аналогія, якая найбольш ёміста адлюстроўвае мае эмоцыі ў той момант. Уявім такую сітуацыю. Дапусцім, у цябе памёр блізкі чалавек, член сям'і. Для цябе гэта трагедыя ўсяго жыцця. Жыццё падзялілася на «да» і «пасля». Гэтая падзея ламае цябе знутры. Ты забіты горам і расціснуты. І калі ты ў гэты чорны дзень свайго жыцця выходзіш на двор, то бачыш, што для ўсіх іншых людзей гэта проста звычайны дзень. Яны спяшаюцца на працу, ва ўніверсітэт, у школу, гуляюць, радуюцца жыццю. І ты вельмі выразна разумееш, наколькі гэтая трагедыя менавіта твая асабістая. Быццам ніхто ў свеце не ў сілах зразумець твой боль.
Калі раніцай 24 лютага пачалася вайна, я быў упэўнены, што гэтая трагедыя — чорны дзень для кожнага чалавека ў Расіі. Прынамсі, для большасці яе жыхароў. Бо кожнага з нас з дзяцінства вучылі, што вайна — гэта самае страшнае, што можа здарыцца: «Што заўгодна, абы не было вайны». Кожнага 9 траўня мы з дзіцячых гадоў зноў і зноў успаміналі жахлівыя падзеі Другой сусветнай. Гэты ўрок мы паўтаралі кожны год зноў і зноў. Здавалася б! І вось я выходжу на двор днём 24 лютага і раптам са здзіўленнем разумею, што гэта толькі маё гора. Ва ўсіх іншых людзей працягваецца жыццё. Нібыта яны ці то не ў курсе, што пачалася вайна, ці то ім проста ўсё роўна.
Колькі ад Дубны да Харкаўскай вобласці? Каля 850 кіламетраў. Ад Масквы — яшчэ менш. І вось там проста цяпер гінуць мужчыны і жанчыны, старыя, дзеці. Дакладна такія ж дзевяціпавярхоўкі, як у Дубне, разносяць расійскімі ракетамі. Людзі ў жаху хаваюцца ў падвалах. Іх жыццё спустошанае і зламанае. І гэта зрабіла нашая краіна Расія. Як з гэтым жыць далей? А ты выходзіш на двор — бачыш, што ў людзей проста працягваецца жыццё. Гэта было так дзіўна, так усё гэта мяне ўразіла.
Вядома, у першыя дні вайны было трохі неабыякавых, былі спробы ініцыяваць антываенныя мітынгі ў Маскве і іншых буйных гарадах. І, натуральна, мы паехалі з хлопцамі ў сталіцу на мітынг.
Мы ўбачылі, што на гэтыя антываенныя мітынгі выйшла значна менш людзей, чым, напрыклад, на мітынгі ў падтрымку Аляксея Навальнага (расійскі палітык, цяпер адбывае тэрмін у калоніі. — Заўв. рэд.). Я заўсёды думаў, што ён не абавязаны быць сімпатычны ўсім расіянам. То-бок хтосьці яго падтрымлівае, а камусьці ён можа не падабацца. І гэта абсалютна нармальна. Але ж вайна — гэта іншае! Гэта ўжо не пра падтрымку таго ці іншага палітыка. Гэта значна больш глабальнае. Вайна — гэта пра дабро і зло.
Я быў упэўнены, што гэтае агульнае гора мусіць з’яднаць усіх расіян, незалежна ад палітычных поглядаў. Усе яны абавязкова павінныя выйсці і сказаць вайне рашучае «не», бо ўлада гэтым разам зайшла занадта далёка. І калі я ўбачыў, што пратэсты супраць вайны маюць хутчэй прыватны і адзінкавы характар, чым масавы, мяне гэта яшчэ больш прыгняло. Я так расчараваўся. Прыкладна праз тыдзень я прыняў рашэнне з’ехаць.
— Калі паглядзець вашыя інтэрв'ю 2019 і 2023 гадоў, то ўзнікае два адчуванні: першае — вонкава вы вельмі моцна пасталелі, другое — вы сталі больш радыкальным у сваіх выказваннях. Згодныя?
— Пасля нядаўняга інтэрв'ю Міхаілу Козыраву (расійскі журналіст і музычны крытык. — Заўв. рэд.) многія людзі напісалі, што я вельмі пастарэў, звязаўшы гэта з вайной. Гэта не зусім так.
У тым інтэрв'ю я сапраўды кепска выглядаю, але гэта наступствы звычайнага тура гурта «Порнофильмы». Жыццё ў турах нярэдка цячэ ў знясільвальным рэжыме. У той паездцы ўсё было менавіта так. Кожны дзень новы горад, кожную ноч — пералёт. Мы практычна не спалі нармальна. У нейкі момант ты адаптуешся да такога раскладу і нібыта не адчуваеш стомленасці. Але гэта заўсёды энергія, узятая ў арганізма ў доўг. Ты нібыта застаешся бадзёрым, граеш канцэрты, але вонкава выглядаеш усё горш і горш. Назапашваецца стомленасць, вычэрпваюцца ўсе рэзервы твайго цела. Да таго часу, як мы прыляцелі ў Амстэрдам [дзе праходзіла інтэрв'ю], тур доўжыўся ўжо тыдзень, за гэты час я паспеў на нагах перанесці прастуду. Я сапраўды выглядаў жудасна.
Вядома, я не магу сказаць, што вайна зусім ніяк не паўплывала. Гэта наймацнейшы стрэс, які доўжыцца ўжо амаль два гады. У мяне з’явіліся першыя сівыя валасы. Аднак гэта не падстава скардзіцца і хоць неяк завастраць на гэтым увагу. У людзей, якія абараняюць проста цяпер сваю зямлю, жыццё значна цяжэйшае. Ды і наогул, калі казаць пра сталенне і старэнне, — гэта натуральныя працэсы. Мне нядаўна споўнілася 36. Гады рана ці позна заўсёды бяруць сваё.
Што да выказванняў: мы заўсёды былі радыкальныя. За гэта нас часта крытыкавалі. Некаторыя людзі, у тым ліку калегі, казалі, што мы выказваемся занадта ў лоб і такая творчасць не мае мастацкай каштоўнасці: «Дзе тонкія метафары?» Мы заўсёды адказвалі: «Калі краіна ўсё больш і больш скочваецца да шалёнага фашызму, то час складаных метафар прайшоў». На што мы зноў чулі крытыку: «Які фашызм? Вы перабольшваеце, вы нагнятаеце, вы згушчаеце фарбы. Усё ў нас добра!»
І вось мы прыйшлі да таго, што сёння расійскі фашызм убачыў увесь свет. Цяпер нам задаюць іншыя пытанні: «Як вы змаглі ўсё гэта прадбачыць у сваіх песнях — і вайну, і „свастику русского мира“, і „плачущей матери цинковый гроб“, і „страну, в которой фашизм победил“?» Ды мы ж нічога не прадбачылі. Мы апісвалі ўсё, што бачылі вакол. Гэтая вайна пачалася яшчэ ў 2014 годзе. Усе гэтыя песні — пра гэта. Таму яны цалкам апісваюць тое, што адбываецца цяпер. Яны цяпер аказаліся актуальнейшымі, чым калі былі напісаныя. На мой вялікі жаль.
Сёння з вялікім камяком у горле працягваем гаварыць пра тое, што адбываецца. Гэтак жа, як рабілі гэта апошнія дзесяць гадоў. Камусьці нашыя выказванні могуць падацца радыкальнымі. Часцей за ўсё тым, хто баіцца прызнаваць і агучваць праўду.
«Цяпер адбываецца генацыд украінскага народа, а ты спяшаешся на вясёлае свята»
— У 2019 годзе на канцэрце вы выйшлі ў форме АМАПа і сказалі: «Разыходзімся, не трэба тут збірацца! Расія для сумных». У якой форме вы б выйшлі цяпер на канцэрце ў Расіі?
— Я б цяпер не граў канцэрты ў Расіі. Ідзе вайна. Кожны яе дзень для кожнага расіяніна мусіць быць жалобным. Падчас жалобы канцэрты, фестывалі і іншыя забаўляльныя мерапрыемствы недарэчныя. Нельга рабіць выгляд, што нічога не адбываецца, і думаць, што жыццё працягваецца. Нельга забываць пра вайну ці — яшчэ горш — прывыкаць да яе. Гэта мэта расійскага рэжыму — зрабіць так, каб насельніцтва альбо не заўважала вайну, альбо прызвычаілася да яе. Зрабіць так, каб вайна стала штодзённасцю — незаўважным фонам. Для гэтага дзяржава масава купляе лаяльнасць папулярных артыстаў, якія павінныя старанна адцягваць увагу насельніцтва ад вайны.
Сёння ладзіць канцэрты ў Расіі — значыць дапамагаць рэжыму падтрымліваць ілюзію бесклапотнага і стабільнага жыцця. За 800 км ад твайго дома проста цяпер адбываецца генацыд украінскага народа рукамі тваіх жа суайчыннікаў, а ты спяшаешся на вясёлае свята. Чым даўжэй насельніцтва спіць, тым даўжэй расійская дзяржава зможа спакойна працягваць вайну. Усведамляем мы ці не, але гэты рэжым заўсёды абапіраецца на настроі народа. Нельга недаацэньваць гэты факт. Народ гэтага можа не разумець, але паліттэхнолагі Крамля гэта ведаюць. З дапамогай прапаганды рыхтавалі насельніцтва да гэтай вайны гадамі, паступова ствараючы ў грамадстве патрэбныя настроі. І гэтыя настроі могуць рэзка змяніцца. І каб гэтага як мага даўжэй не адбылося, трэба выкарыстоўваць усе магчымасці, усіх прапагандыстаў, усіх купленых дзяржавай медыйных людзей.
Зрэшты, не ўсе з іх купленыя. Многім артыстам проста пляваць на вайну, у іх толькі меркантыльныя інтарэсы. Музычны бізнес важнейшы, чым сумленне. Ім ніхто не плаціць, яны проста хочуць захаваць сваю кар’еру любой цаной. Нават калі яны міжволі будуць дапамагаць гэтаму фашысцкаму рэжыму.
— Чыя форма або якое адзенне ілюструе тое, што сёння адбываецца ў Расіі?
— Мне здаецца, што трэба выходзіць цалкам голым! Бо ў расіян адабралі ўсё. Адабралі іх годнасць. Яны голыя, у іх нічога няма. Яны нават самі сабе не належаць.
— У «Порнофильмов» ёсць песня «Русский Христос идет», як вы самі казалі, «пра сапраўдную чалавеканенавісніцкую і людаедскую прыроду так званага рускага свету». Калі б Хрыстос цяпер ішоў па Расіі, што б ён сказаў?
— Ён бы сказаў: «Я тут нікога нічому так і не навучыў. Так нікога і не выратаваў».
— Як думаеце, надыдзе дзень, калі вашыя песні пра галечу, паліцэйскіх, падман уладаў будуць неактуальныя?
— Вядома, я б вельмі хацеў, каб такі дзень надышоў. Я проста мару пра гэта. Але, на жаль, гледзячы на ўсё, што адбываецца, гледзячы на той выбар, які працягваюць рабіць расіяне з дня ў дзень, такі варыянт будучыні пакуль не здаецца мне хоць неяк блізкім.
«Патрэбная перамога Украіны над гэтай фашысцкай поскуддзю, што распаўзаецца ва ўсе бакі»
— Давайце пагаворым пра вашыя канцэрты. Цяпер вы іх заканчваеце лозунгамі: «Расія будзе свабоднай», «Жыве Беларусь», «Слава Украіне». Чаму?
— Добрае пытанне! За апошнія паўтара года некаторыя людзі пыталі: «Валодзя! Як жа так? Ты нарадзіўся ў Расіі, таму галоўным лозунгам тваіх канцэртаў мусіць быць лозунг „Расія будзе свабоднай!“, чаму замест гэтага больш увагі ты надаеш Украіне?»
Нашаму гурту 15 гадоў, апошнія 11 з якіх мы займаліся ўсвядомленай і цалкам канкрэтнай творчасцю. А менавіта — гаварылі пра Расію і яе праблемы. 90% нашых песень — пра гэта. Пра гэта трэба не толькі спяваць, але і гаварыць. Усе нашыя выказванні на канцэртах паміж песнямі былі пра гэта. Усе нашыя інтэрв'ю таксама былі пра гэта. Чаму? Таму што нам заўсёды было бясконца балюча глядзець на тое, як Расія ўсё больш і больш коціцца да фашызму і сярэднявечча.
У мяне заўсёды была адна мара — дажыць і ўбачыць свабодную Расію на свае вочы. Але я таксама мару, каб Грузія стала свабоднай ад расійскай акупацыі, каб свабоднай ад гэтай акупацыі стала Малдова. І ўсе іншыя тэрыторыі і людзі, якіх сёння акупавала Расійская Федэрацыя.
Акрамя таго, я мару ўбачыць свабоднай Беларусь. І каб усё гэта ажыццявілася, мусіць адбыцца адна-адзіная падзея — гэта перамога Украіны над гэтай фашысцкай поскуддзю, што распаўзаецца ва ўсе бакі. Гэтая перамога стане ключом да таго, каб усе гэтыя падзеі сталі магчымымі. Сёння гэта мая адзіная мара.
Таму галоўным лозунгам усіх маіх канцэртаў да моманту, пакуль гэтая вайна не скончыцца, будзе адзін: «Слава Украіне і яе гераічным абаронцам». Сёння гэтыя людзі не проста абараняюць кожны метр сваёй зямлі і будучыню сваіх дзяцей. Яны таксама робяць тую непасільную працу, якую, на мой жаль, не змаглі зрабіць некалькі пакаленняў расіян. Яны фізічна знішчаюць пуцінскі фашысцкі рэжым. Ад гэтых людзей сёння залежыць не толькі іх лёс, але і наш. Жадаем ім здароўя, сіл і цярпення.
— Вашыя сацыяльныя і палітычныя песні яшчэ патрэбныя ўнутры Расіі? Запыт на іх ёсць?
— Я не ведаю дакладна. Я рады, калі яны камусьці патрэбныя. Але мне складана меркаваць. Я заўсёды знаходжуся толькі ўнутры творчага працэсу. То-бок я ніколі не змагу ўбачыць, што такое гурт «Порнофильмы» і яго песні, збоку. Як менавіта гэта ўспрымаецца людзьмі? Мне складана ацэньваць гэта хоць нейкім чынам.
Мае ўяўленні пра тое, што за людзі нас слухаюць і якія ў іх настроі, грунтуюцца галоўным чынам на асабістым досведзе зносін з імі. Мы стараемся выходзіць да публікі пасля кожнага канцэрта. І, вядома, гэта шматлікія лісты, якія нам пішуць слухачы. Калі прааналізаваць гэта, то я мог бы так адказаць на вашае пытанне: сёння ў Расіі ёсць шмат людзей, якім патрэбныя нашыя песні. Я ў сваю чаргу буду рады, калі камусьці яны хоць неяк дапамогуць знайсці ўнутраную апору ў гэты няпросты час. Усё, што мы рабілі да гэтага моманту, было недарэмным.
Беларусы на канцэрце, «пранырлівы» Лукашэнка і «Дай дарогу!»
— Песні некаторых беларускіх музыкаў прызнаюць «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а саміх выканаўцаў саджаюць на велізарныя тэрміны. Расійскіх музыкаў чакае тое самае?
— Безумоўна. Многія звяртаюць увагу на тое, што расійскія ўлады актыўна пераймаюць карны досвед рэжыму ў Беларусі. Расіяне, у тым ліку расійскія музыкі, могуць наглядна ўбачыць усё, што іх чакае ў найбліжэйшай будучыні, паглядзеўшы на тое, што ў апошнія пару гадоў адбывалася ў вас.
— Каго з беларусаў вы слухаеце?
— Мой любімы гурт з Беларусі — «Петля пристрастия». Я сачу за іх творчасцю з 2011 года. Нядаўна, ужо знаходзячыся ў Тбілісі, я ўпершыню наведаў іх канцэрт і нават асабіста пазнаёміўся з хлопцамі. З гуртом«Дай дарогу!» знаёмы. Магчыма, з кімсьці яшчэ перасякаліся на фестывалях. Ну і, вядома, не магу не вылучыць мае любімыя гурты з беларускага панк-хардкор-андэграўнду: Contra la Contra і I Know.
— Цытата з вашага інтэрв'ю: «У некаторых польскіх гарадах большая частка публікі на нашых канцэртах — гэта беларусы, якія з’ехалі». Часам пасля выступу вы застаяцеся, каб пагаварыць з фанатамі. Што вам кажуць беларусы? Пра што вы ў іх пытаеце?
— Успамінаецца адзін выпадак з нашага леташняга дабрачыннага тура, куды мы ездзілі разам з «Нервами» і Face. У адным з польскіх гарадоў мне ўдалося пагаварыць з сямейнай парай з Беларусі, маімі аднагодкамі. Яны спыталі, якія ў мяне адчуванні праз два месяцы пасля ад’езду з Расіі. Я сказаў, што наогул нічога не разумею. Куды рухацца? Што далей? Я быў цалкам дэзарыентаваны. А яны адказалі: «Ну нічога, прывыкай, мы так ужо два гады жывём!» І расказалі пра тое, як абое адседзелі адміністрацыйныя арышты і з’ехалі разам з дзецьмі з Беларусі, як на іх ужо заведзеныя крымінальныя справы. З размоваў я зразумеў, што гэта мае масавы характар.
У апошнім туры размаўляў з іншымі хлопцамі. Яны кажуць, што ў вас ўвялі закон пра тое, што цяпер нельга зрабіць новы пашпарт дыстанцыйна, ты мусіш вярнуцца ў Беларусь. Для многіх з тых, хто з’ехаў, гэта вельмі небяспечна. Лукашэнка шукае спосабы дабрацца да кожнага. Ён вельмі помслівы.
Успамінаючы ўсе гэтыя гісторыі, я часта думаю пра беларускі пратэсны досвед, параўноўваючы яго з расійскім і ўкраінскім. Высновы, якія я для сябе зрабіў, несуцяшальныя. Мірны пратэст не працуе. Гопнік заўсёды перамагае інтэлігента, бо карыстаецца толькі адным законам — законам воўчай зграі. Хто мацнейшы, той і мае рацыю. Яго нельга перамагчы словамі, толькі сілай. І народ гэтую сілу мае. Гэта даказвае якраз украінскі досвед 2014 года.
— Не думаеце, што калі б тады Аляксандр Лукашэнка сышоў, то даволі хутка ў Беларусь прыйшоў бы Уладзімір Пуцін са сваёй Расгвардыяй?
— Такое магло здарыцца, не спрачаюся. Даведацца гэта мы не зможам.
— Як думаеце, Лукашэнка здабыў павагу Пуціна тым, што змог утрымаць уладу ў руках?
— Я думаю, гэта было нескладана. Ведаеце, чым Лукашэнка адрозніваецца ад Пуціна? Якая паміж імі розніца? Лукашэнка разумны, хітры, пранырлівы, але прыкідваецца дурнем. Пуцін абсалютна павярхоўны, нудны, недалёкі — адным словам, ніякі, але ўвесь час спрабуе мудрагеліць. І вось калі яны сустракаюцца, Лукашэнка заўсёды дамагаецца свайго. Раскажа пару анекдотаў, паспачувае, паклянецца ў вечнай дружбе, чарговым разам паабяцае Саюзную дзяржаву і зноў папросіць грошай.
— У жніўні 2020-га ў Facebook на старонцы «Порнофильмов» быў апублікаваны пост: «Мы ўбачылі, як найбуйнейшыя заводы спынілі працу і выйшлі на бестэрміновы страйк, з тэлебачання пачалі звальняцца вядоўцы, былыя і дзейныя супрацоўнікі праваахоўных органаў дэманстрацыйна выкінулі сваю форму і сталі побач з народам, жанчыны ўтварылі на вуліцах гарадоў жывыя ланцугі, кіроўцы на сваіх аўто перакрылі дарогі. Нягледзячы на адключаны інтэрнэт, людзі аб’ядналіся і выставілі выразныя патрабаванні, галоўнае з якіх — адстаўка Аляксандра Лукашэнкі. Мы ўсе — сведкі не толькі найважнейшай гістарычнай падзеі! Мы бачым сапраўдны подзвіг беларускага народа!» Вам зразумелая сітуацыя, у якой аказалася Беларусь потым?
— Людзі абазначылі, што іх пратэст мірны, тым самым выразна акрэсліўшы сабе мяжу дазволенага. І калі Лукашэнка гэта зразумеў, ён аддаў каманду разганяць, душыць, калечыць і катаваць — максімальна жорстка і паказальна. Ён зразумеў, што можна рабіць што заўгодна, што людзі далей не пойдуць. Натуральна, ён дагэтуль помсціць за ўсё гэта. Беларусы яго прынізілі.
— Вы былі ўдзельнікам праекта «Жнівень2020», дзе вядомыя артысты, музыкі, спартоўцы, пісьменнікі, лідары меркаванняў чытаюць фрагменты гісторый пацярпелых пасля выбараў у Беларусі. Вы выбралі аповед пра Рамана Зорыча, якога затрымалі 9 жніўня ў холе гімназіі, дзе быў выбарчы ўчастак, а ў бацькі героя здарыўся інсульт пасля гісторыі з сынам. Што вы адчувалі падчас здымак?
— Гэта было вельмі балюча чытаць. Апісанае там вельмі нагадвала мне аповеды фігурантаў некалькіх рэзанансных у Расіі выпадкаў: справы «Сети» і справы «Нового величия». Людзей выкралі і катавалі, прымушаючы агаварыць іншых і саміх сябе. Спосабы, якімі іх катавалі, ідэнтычныя таму, з чым сутыкнуліся затрыманыя на беларускіх пратэстах. Гэта жахліва. Калі я ўсё гэта чытаў, у мяне разрывалася сэрца. Фашысцкія рэжымы Пуціна і Лукашэнкі карыстаюцца аднымі і тымі ж метадамі.
«Усё, што адбываецца, — гэта нейкі крык параненай жывёліны, а ў ім — першабытны жах!»
— У вас доўгія гады была залежнасць ад алкаголю і наркотыкаў, ужо каля дзесяці гадоў вы не ўжываеце. Як вы трываеце тое, што адбываецца апошнім часам, без рэчываў? Што вам дапамагае?
— Я і сам не ведаю. Калі шчыра, гэта проста невыносна. Многія мае знаёмыя пачалі піць з пачатку вайны. Напэўна, гэта іх спосаб не звар’яцець і захаваць сябе. Іншыя сядзяць на антыдэпрэсантах. Людзі не спраўляюцца. Невыносна складана быць моцным, калі ідзе вайна. Але ёсць адна рэч, якая дапамагае асабіста мне.
Кожны раз, калі ў мяне зноў апускаюцца рукі, я ўспамінаю, што проста цяпер ва Украіне дакладна такія ж людзі, як я, былі вымушаныя змяніць свае мірныя спецыяльнасці на ваенныя, узяць у рукі зброю, каб абараняць свой дом, кожны метр сваёй зямлі, сваіх блізкіх, сваіх дзяцей. І вось яны цяпер проста не маюць права быць слабымі. Ім цяпер неймаверна складана, але яны трымаюцца. І мае праблемы ў параўнанні з іх праблемамі — гэта проста нішто. Гэтыя думкі дапамагаюць мне трымацца і быць моцным. У мяне ёсць добры прыклад.
— Якімі радкамі «Порнофильмов» вы б апісалі ўсё тое, што цяпер адбываецца?
— Не ведаю. Такіх словаў няма не тое што ў нашай творчасці, іх няма наогул у рускай мове. І ні ў адной мове свету. Гэта нейкі крык параненай жывёліны, а ў ім — першабытны жах!
— У канцы мы заўсёды пытаем: калі і як скончыцца вайна?
— Вайна мусіць скончыцца толькі перамогай Украіны.
— А які тэрмін?
— Баюся, што няхутка. Думаю, яшчэ адзін-два гады.
— Мы гаворым з вамі ў дзень нараджэння гурта. Якое б жаданне вы цяпер загадалі?
— Я хачу, каб Украіна як мага хутчэй перамагла фашысцкую Расію, і ўсе акупаваныя тэрыторыі і народы сталі свабоднымі. Гэта маё адзінае жаданне.
Чытайце таксама