Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


13 лютага ў Маскве памерла мастацтвазнаўца і пісьменніца Ніна Молева. Ёй было 98 гадоў. У гісторыю яна ўвайшла і як жанчына, якую кахаў класік беларускай літаратуры Уладзімір Караткевіч. А яшчэ як уладальніца велізарнай мастацкай калекцыі, творы для якой, у тым ліку, набываў усё той жа Караткевіч і якую Молева падаравала Уладзіміру Пуціну. Але калекцыя можа аказацца пустышкай. Расказваем гэтую неверагодную гісторыю.

Вучань і настаўніца

Знаёмства Ніны Молевай і Уладзіміра Караткевіча адбылося ў 1958 годзе. Беларускі пісьменнік прыехаў у Маскву і стаў слухачом створаных тады Вышэйшых літаратурных курсаў. У якасці лектара па гісторыі мастацтва быў запрошаны вядомы мастацтвазнаўца, сябра Акадэміі мастацтваў СССР Міхаіл Алпатаў. Але слухачам яго лекцыі не спадабаліся. Тады Алпатаў прапанаваў замест сябе Ніну Молеву.

Яна была старэйшая за Караткевіча — нарадзілася ў 1925 годзе ў Маскве (ён — у 1930-м у Оршы). Удзельнічала ў Другой сусветнай вайне, абараніла дысертацыю па мастацтвазнаўстве. Была супрацоўнікам-кансультантам ідэалагічнага аддзела ЦК КПСС.

«Невялічкага росту, яна была вельмі худзенькая, але так падабраная, што нагадвала яму балерыну. Можа, гэтаму ўражанню дапамагала і клятчастая спадніца званочкам, і шэрая кофтачка з нейкага там нейлону. Вельмі худзенькая, як дзіцятка. Звычайны твар. Мяккія шэрыя вочы пад зламанымі бровамі, густыя вейкі. Валасы попельна-залацістыя, сабраныя на патыліцы ў вялізны вузел. I растрапаныя злёгку, аніяк не хочуць ляжаць у прычосцы. Такая растрэпка! Велікаваты, усмешлівы рот. Зубы не вельмі добрыя, але ўсмешка ўсё адно такая, што аж святлей стала. Вельмі прыгожыя ногі, вельмі прыгожыя рухі. I ўсё гарманічна — хоць малюй», — так Караткевіч апісаў яе ў рамане «Леаніды не вернуцца да Зямлі» (вядомы пад назвай «Нельга забыць»).

Владимир Короткевич и Нина Молева. Коллаж: kp.ru
Уладзімір Караткевіч і Ніна Молева. Калаж: kp.ru

У гэтым творы ён апісаў каханне галоўнага героя Андрэя Грынкевіча, якога спісаў з сябе, да мастацтвазнаўцы Ірыны Горавай (яе прататыпам і стала Молева). На абсалютнае падабенства гэтых гісторый — той, што апісаная ў рамане, і той, што адбылася ў рэальным жыццці — звярнуў увагу крытык Дзяніс Марціновіч, аўтар кнігі «Донжуанскі спіс Уладзіміра Караткевіча».

Як згадвала ў адным з інтэрв'ю Молева — яго цытуе Марціновіч, — абавязковай умовай для слухання лекцый было веданне гісторыі. Але «гістарычных ведаў катастрафічна не хапала, часу (і дазволу!) на іх папаўненне — тым больш. У якасці выхаду — выезды ўсяго курса па гістарычных месцах. Аўтобус з авіяцыйнымі крэсламі (Саюз пісьменнікаў, вядома, меў такія). Самыя далёкія (каб укласціся з ранняй раніцы да паўночы) маршруты: Уладзімір, Кідэкша, Суздаль, Растоў Вялікі, Тула, Пераслаўль Залескі, Дзмітраў, Яраслаўль, дзясяткі маленькіх рускіх мястэчак, сядзіб, яшчэ Сергіеў Пасад, Аляксандраў, Раданеж. А па дарозе аповед пра гісторыі, падзеі, асобаў».

У траўні 1959 года слухачы курсаў на чале з Молевай паехалі на ўладзімірскую зямлю, дзе наведалі знакамітую царкву Пакрава на Нерлі. Вось як апісаў гэты эпізод пісьменнік у лісце да аднаго з сяброў: «Цяпер пра Уладзімір. Я перажыў там наймацнейшае (кажу не перабольшваючы) узрушэнне ў маім жыцці. Не мне табе распавядаць, што такое Успенскі і Дзмітрыеўскі саборы, але, мабыць, скажу пару слоў пра Пакрава-на-Нерлі. Я не верыў, што чалавек можа плакаць, гледзячы на будынак, і таму ставіў архітэктуру крыху ніжэй за ўсе мастацтвы. Дык вось, я роў, брат. Ганебна роў, і не саромеўся, і не саромеюся. <…> Разумееш, тады не прынята было схіляць у царкве каленаў, проста стаялі і моўчкі маліліся. І я так жа. Ледзь не паляцеў пад купал у слупе святла».

Церковь Покрова на Нерли. Фото: A.Savin, FAL, commons.wikimedia.org
Царква Пакрава на Нерлі. Фота: A. Savin, FAL, commons.wikimedia.org

Пасля гэтай гісторыі ў Караткевіча і пачалі ўзнікаць пачуцці да Молевай. «Ён разумеў, што яе лекцыі не проста лекцыі, што гэта яшчэ і нейкі новы, пакуль мала зразумелы для яго, погляд на жыццё, на яго колеры і гукі, на чалавечыя пачуцці, на мастака і мастацтва», — пісаў пасля пісьменнік. «Па сутнасці, выкладчыца адкрывала для Караткевіча раней невядомы, чароўны свет мастацтва, уласным прыкладам далучала да тысячагадовага вопыту і пошукаў чалавецтва, — каментуе Марціновіч. — На двары буяла вясна, у душы і перад вачыма была яна. Уладзімір не мог не закахацца».

У рамане галоўная гераіня запрасіла пісьменніка да сябе ў госці. Ён прыйшоў, але дзверы нечакана адкрыў муж, пра яго існаванне рамантычны аўтар не падумаў. «Андрэй пабачыў мужчыну, цёмнавалосага, з высокім, трохі залысым лобам. Постаць цяжкаватая, пагляд вачэй разумны і шчыры. Выраз аблічча — з той добрай, трохі занадта інтэлігенцкай іранічнасцю, якую Андрэй і любіў, і не любіў у людзях свайго асяроддзя. Ён лічыў яе занадта гарадскою», — апісаў Караткевіч мужа гераіні ў сваім рамане.

Элий Белютин. Фото опубликовано в книге Нины Молевой и Элия Белютина «Архивными тропами» (Москва, 2012), ru.wikipedia.org
Элій Бялюцін. Фота апублікаванае ў кнізе Ніны Молевай і Элія Бялюціна «Архивными тропами» (Масква, 2012), ru.wikipedia.org

У творы яго завуць Міхаіл. У рэальнасці ў Молевай таксама быў муж, якога звалі Элій Бялюцін. Ён быў равеснікам Ніны. У 16 гадоў пайшоў на фронт абараняць Маскву. Як пісалі яго біёграфы, «на фронце яму прастрэлілі лёгкія, там ён зарабіў газавую гангрэну левай рукі, але застаўся жывы і стаў мастаком». На момант візіту Караткевіча Элій і Ніна былі ў шлюбе ўжо каля дзесяці гадоў.

Змаганне за Молеву

Зрэшты, існаванне мужа Караткевіча не збянтэжыла. Сваё змаганне за Молеву ён пачаў у тым ліку са зменаў у выглядзе: сталічнай мастацтвазнаўцы варта было адпавядаць.

«Ён апрануты быў не па модзе і на адзенне менш за ўсё глядзеў, — згадваў адзін з сяброў пісьменніка. — Штаны вечна былі непрасаваныя. Прасавала яму штаны мама, а часам яны проста пад матрацам ляжалі. Трэба сказаць, што ён ніколі не быў франтам. А тут прыехаў з Масквы, калі ён закахаўся ў Молеву. З’явіўся ў клятчастым модным паліто, у бэрэце. Карацей, Воўку было не пазнаць».

Владимир Короткевич. Фото: nlb.by
Уладзімір Караткевіч. Фота: nlb.by

Ці былі паміж Нінай і Уладзімірам сапраўдныя адносіны? Сама Молева праз гады сцвярджала, што не. «Калі мне кажуць пра каханне Караткевіча да мяне, я заўсёды гэта слухаю з пэўнай няёмкасцю. Усё, што я пра яго ведаю, гэта тое, што можа ведаць школьны настаўнік пра свайго вучня», — казала яна. «Уладзімір Сямёнавіч прызнаваўся вам у каханні?» — спытала ў яе журналістка. «Што вы! Гэта было проста немагчыма». Але гэта відавочная няпраўда. Напрыклад, Молева сама перадала ў архіў лісты Караткевіча, у якіх той пісаў ёй пра пачуцці (прычым нават дазволіла іх надрукаваць).

Хутчэй за ўсё, яна дазваляла сабе прымаць заляцанні Караткевіча. Наколькі далёка яны заходзілі? У архіве захоўваецца ліст пісьменніка да свайго сябра ад 21 снежня 1959 года, у якім ён піша: «І нарэшце тая, пра якую я табе пісаў, прызналася мне, што кахае мяне».

Але шчасце, калі яно і было, аказалася нядоўгім. Молевай патрабавалася аперацыя посля выбуху бомбы яшчэ ў 1941-м. «Як вынік, асколак у калясардэчнай сумцы», — пісаў Караткевіч у лісце свайму сябру, пісьменніку Янку Брылю. У выніку ў снежні 1959 года Ніну адправілі на аперацыю ў Вену. Дарэчы, гэты факт — сведчанне асаблівага статусу Молевай і яе сям'і ў савецкай іерархіі. Ва ўмовах халоднай вайны за мяжу для аперацыі выпускалі далёка не кожнага.

Караткевіч тым часам вярнуўся ў Беларусь і сеў за працу. «Сеў працаваць і працую як чорт, гадзін па дванаццаць у дзень. Працаваў бы і больш, але тады горш выходзіць, я ведаю», — пісаў Караткевіч Молевай.

«Ужо лепш біцца, чым паміраць — у гэтым я перакананы, — прызнаваўся пісьменнік сябру. — А тое, што нядрэнны баец — даведаюцца усе. Чарговыя задачы такія: да лета трэба зарабіць дзвесце тысяч. Зашмат? Паспрабуем. Еду ў Оршу, шліфую сцэнар і пасылаю яго на конкурс. Раблю дзве п’есы. Напружу ўсе сілы — толькі б не надарвацца. Піць і гуляць кінуў, на рахунку кожная хвіліна. Ты ведаеш, я ніколі не гнаўся за гэтым, але раз трэба, так трэба. Нашто мне гэта? Куплю ў прыгарадзе Масквы домік і машыну, каб яна магла ездзіць на працу (цяпер у іх цудоўная кватэра ў раёне плошчы Маякоўскага). Яна не пайшла б на гэта, калі б ведала, але мой гонар ніколі не дазволіць мне, каб яна стала горш жыць».

Нина Молева. Фото: Калининградский музей изобразительных искусств
Ніна Молева. Фота: Калінінградскі музей выяўленчага мастацтва

Увесь гэты час Караткевіч пісаў Молевай лісты, якія — каб схаваць усё ад мужа — адпраўляў яе бацькам:

«Навошта я сабе, калі вас няма побач? Навошта мне рукі, калі я не магу абняць вас, вочы, калі я не магу глядзець імі ў вашы вочы, вершы, калі я не магу пісаць пра вас і для вас. Вы мая першая, якой не было, вы мая самая ўсёмагутная і апошняя.

Разумееце, мы вечныя. Можа быць, я шукаў вас пяцьсот гадоў таму, і вы схаваліся ад мяне. Але я ўсё роўна, усё роўна вас знайду. Мне ўжо не сорамна і не страшна ні людзей, ні зямлі, ні слоў — хіба не ўсё роўна?

Мілая мая, мой хохлік з ліхтарыкам, мая сіняя пралеска з вялікімі вачыма, птушка-сініца, добры агеньчык у завіруху, пухнаты мой заяц — дайце ўжо мне сказаць тое, што не змог сказаць у вочы. Вашы блакітныя рукі — цалую іх. Не магу без іх».

Але ніводнага адказу на свае лісты Караткевіч так і не атрымаў.

Разрыў і напісанне рамана

Зімой 1960 года Караткевіч вярнуўся ў Маскву. 29 лютага ён пісаў Янку Брылю: «На вакацыях я паміраў кожны дзень: яна была ў Вене, у клініцы. І там адмовіліся. А стан усё пагаршаецца. І вось прыгожы, поўны сіл чалавек, чалавек вялікай душы і мужнасці, адна з самых разумных жанчын, якіх я сустракаў, гіне. Як апошняе — вырашылі зрабіць аперацыю тут — нейкія звышмоцныя магніты. І шанцаў на поспех — адзін з сотні».

Уладзімір Караткевіч. Фота: аддзел рэдкіх кніг і&nbsp;рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі
Уладзімір Караткевіч. Фота: аддзел рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі

Мяркуючы з усяго, аперацыю ў Маскве зрабілі паспяхова: урэшце, Молева перажыла Караткевіча, які памёр у 1984-м, на сорак гадоў. А вось на адносінах жанчына паставіла крыж. «Ты ведаеш, я зрабіў усё, што мог, — казаў у рамане галоўны герой. — I вось я пяць разоў сустракаўся з ёю, і яна кожны раз пазбягала размовы аб гэтым… Тройчы прызначала спатканне і падманвала, не прыходзіла. А я, здаецца, зусім страціў гонар. Прызначае на пяць. Я чакаю да паловы шостай, потым кажу сабе, што пераблытаў, пэўна, і спатканне ў шэсць. Чакаю да паловы сёмай і даю сябе ўмовіць, што, можа, у сем. <…> I так было потым усе тры тыдні».

Праз гэта герой рамана задумаўся пра самагубства. Але ў апошні момант яму ў рукі трапіў ліст ад сябра з Мінска: «Мне цяжка гаварыць аб гэтым… Палічы сабе ты мяне бурклівым дзядзькам, палічы нават пашляком, але, слухаючы твае словы, я міжвольна думаў: колькі харошых, мілых, цудоўных, юных, разумных істот марыць недзе сустрэцца з такім чалавекам, як ты, дарагі мой дзівак, паэт, сумленны чалавек!» Менавіта ліст, а таксама перажыванні сябра выратавалі галоўнага героя ад паспешлівага ўчынку. У рэальнасці такі ліст напісаў Янка Брыль, а Караткевіч з невялікімі скарачэннямі ўставіў яго ў раман. Улічваючы, наколькі супадаюць падзеі, апісаныя ў рамане, з рэальным жыццём, цалкам магчыма, што пісьменнік сапраўды задумаўся пра самагубства, ад якога яго выратаваў ліст.

Спробы Караткевіча вярнуць Молеву доўжыліся ўсю вясну. Урэшце яна канчаткова сказала яму «не».

Пісьменнік вярнуўся ў Мінск, але ненадоўга. Ён паступіў на Вышэйшыя сцэнарныя курсы і наступныя два гады (1960−1962) зноў жыў у Маскве ў тым жа інтэрнаце. У верасні 1960 года Караткевіч пачаў пісаць раман «Леаніды не вернуцца да Зямлі», у якім вырашыў расказаць сваю версію адносінаў з Молевай. Праўда, фінал змяніў: у рамане Ірына Горава прызнала, што не мела рацыі, і ўсё ж пачала сустракацца з Андрэем Грынкевічам. Адначасова яна згадзілася на аперацыю, пасля правядзення якой сэрца жанчыны не вытрымала.

Раман Караткевіча надрукавалі ў часопісе. У наступным, 1963-м, годзе «Леаніды…» мусілі выйсці ў якасці асобнай кнігі (акрамя рамана ў выданне таксама планавалася ўключыць аповесць «Дзікае паляванне караля Стаха»). Але набор падрыхтаванага тома рассыпалі — яго забараніла цэнзура. Кніга была надрукаваная толькі ў 1982 годзе пад назвай «Нельга забыць».

Цікава, што ў працэсе напісання рамана Караткевіч канчаткова расчараваўся ў былой каханай. «Мне абыякавы яе лёс і ненавісная яна сама, хлуслівая, подлая, якая звыклася да пакланення, карыслівая, подла-разважлівая, якая прыніжае ўсё лепшае на свеце, здраджвае сябрам, бярэ ўсё, што ёй хочацца, на хвіліну і кідае гэта, калі міне неабходнасць», — пісаў ён сябру.

Ніна Молева, 2016 год. Фота: caoinform. moscow, ru.wikipedia.org
Ніна Молева, 2016 год. Фота: caoinform. moscow, ru.wikipedia.org

Але пакрысе эмоцыі сышлі. Як згадваў украінскі пісьменнік Мікалай Амельчанка, які вучыўся разам з Караткевічам на сцэнарных курсах, пісьменнік нярэдка дапамагаў Молевай матэрыяльна, купляў падарункі: «Калі я атрымаў на кінастудыі імя М. Горкага ганарар за сцэнарый, Валодзя пазычыў у мяне даволі вялікую суму. А на наступны дзень ён зайшоў да мяне і папрасіў накарміць яго абедам.

— Ты што, нават на абед сабе грошай не пакінуў?

— Не, — вінавата ўсміхнуўся ён, — яшчэ і не хапіла, давялося <…> пазычаць…

Пазней я даведаўся, што Валодзя паабяцаў выкладчыцы да дня яе нараджэння купіць нейкую карціну імпрэсіяніста, на той час даволі моднага, паабяцаў — і купіў. Караткевіч свае абяцанні заўсёды выконваў».

Атрымліваецца, Караткевіч папаўняў калекцыю Молевай і Бялюціна.

Зрэшты, ужо праз некалькі гадоў, у 1967-м, пісьменнік пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Валянцінай Нікіцінай.

Скарб ці містыфікацыя?

Што ж гэта за калекцыя, пра якую ішла гаворка вышэй? Згодна з кананічнай версіяй, яе яшчэ да рэвалюцыі пачаў збіраць дзядуля Бялюціна, мастак Маскоўскай канторы Імператарскіх тэатраў Іван Грынёў. Пасля 1917 года яго 12-пакаёвая кватэра стала камуналкай, але ў мужчыны атрымалася схаваць карціны ў тайніку пад столлю. Па дзіўнай выпадковасці за дзесяцігоддзі ніхто ніводнага разу не залез на антрэсолі. Нечакана ў 1968 годзе Молевай і Бялюціну аддалі тры пакоі былой кватэры, дзякуючы чаму яны і знайшлі карціны.

Ёсць і альтэрнатыўная версія. Хадзілі чуткі, што Бялюцін падчас Другой сусветнай з’яўляўся афіцэрам контрвыведкі, займаўся «перамешчанымі каштоўнасцямі» і склаў сабе калекцыю еўрапейскага жывапісу з Рэмбрантам і Тыцыянам, а пасля дапаўняў яе.

Ніна Молева і&nbsp;Элій Белюцін. Фота апублікавана ў&nbsp;кнізе Ніны Молевай і&nbsp;Элія Белюцінана «Архивными тропами», ru.wikipedia.org
Ніна Молева і Элій Бялюцін. Фота апублікаванае ў кнізе Ніны Молевай і Элія Бялюціна «Архивными тропами», ru.wikipedia.org

У 2012-м Бялюцін памёр. Тады яго ўдава вырашыла перадаць усю калекцыю Расіі. Але юрыдычна падараваць творы дзяржаве было нельга — толькі фізічнай асобе ці інстытуцыі. Тады Молева перадала ўсё Пуціну. Праўда, давялося зрабіць удакладненне, што расійскі прэзідэнт будзе юрыдычным прадстаўніком дзяржавы.

Пасля гэтага кватэру ўзялі пад ахову. У той момант сцвярджалася, што ў жытле Молевай і Бялюціна захоўваліся творы Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла, Эль Грэка, Веласкеса агульным коштам каля двух мільярдаў даляраў. Праз тры гады гаворка ішла пра некалькі дзясяткаў або, магчыма, сотняў мільёнаў даляраў. Кошт ніжэйшы, але ўсё роўна сумы завоблачныя.

Але калекцыю ацанілі далёка не ўсе. Напрыклад, Ларыса Кашчук, былая загадчыца аддзела жывапісу Траццякоўскай галерэі, пісала, што бачыла ў калекцыі копію «Партрэта невядомай дамы» Ван Дэйка, а не арыгінал, а таксама сцвярджала, што ў кватэры маглі быць і іншыя несапраўдныя працы.

Расійскі Пушкінскі музей, адзін з самых прэстыжных у краіне, адмовіўся прыняць калекцыю Молевай. Доктар мастацтвазнаўства Вікторыя Маркава, вядучая супрацоўніца аддзела старых майстроў, адзначала, што «ў калекцыі не аказалася практычна ніводнага з заяўленых уладальнікамі калекцыі гучных імёнаў, а многія творы наогул не адпавядаюць музейнаму ўзроўню і не ўяўляюць ніякай гістарычнай і музейнай каштоўнасці».

Владимир Короткевич в роли татарина в фильме "Житие и вознесение Юрася Братчика". Изображение: tvkultura.ru, ru.wikipedia.org
Уладзімір Караткевіч у ролі татарына ў фільме «Жыццё і ўзнясенне Юрася Братчыка». Выява: tvkultura.ru, ru.wikipedia.org

Арт-крытык Міхаіл Бадэ заявіў, што «сама каштоўнасць карцін у мяне выклікала сумневы. Ні я, ні хоць які мастацтвазнаўца, што хоць трохі паважае сябе, не верыць у тое, што ў карцінаў была нейкая каштоўнасць». Паводле Бадэ, які бачыў калекцыю, «карціны былі складаваныя ў хаатычным парадку, ляжалі стопкамі, віселі на сценах, былі дрэнна асветленыя». Але сюжэты і аўтары падаліся яму добра вядомымі. «Я сказаў, што гэта дзіўна, што такія карціны вісяць у музеях, на што Бялюцін мне сказаў: «У музеях вісяць другія-трэція копіі, а ў мяне — арыгіналы», — пераказаў крытык размову. Аднак, на думку Бадэ, гэта была толькі ацэнка самога Бялюціна.

Чытайце таксама