«Са словаў дактароў, ёй робіцца лепш». Марыю Калеснікаву перавялі з рэанімацыі ў хірургію
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Марыю Калеснікаву, якая перанесла аперацыю, перавялі з рэанімацыйнага аддзялення бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі ў хірургічнае. Пра гэта паведаміў 1 снежня тэлеграм-канал штаба Віктара Бабарыкі са спасылкай на бацьку палітвязняволенай Аляксандра.

Мария Колесникова. Фото: Reuters
Марыя Калеснікава. Фота: Reuters

Бацька Марыі перадаў, што, паводле словаў дактароў, дачцэ робіцца лепш.

«Апетыт нармальны, Маша паснедала ёгуртам і кашай. Яе наведваў доктар з калоніі, які запэўніў: пасля выпіскі з бальніцы Марыі забяспечаць належныя ўмовы і догляд. Сама Марыя Калеснікава ведае ад дактароў свой дыягназ, а таксама што і як аперавалі. Аляксандру Калеснікаву дыягназ не паведамілі», — паведамляе штаб.

Нагадаем, 29 лістапада стала вядома пра шпіталізацыю Марыі Калеснікавай. Яе паклалі ў першае хірургічнае аддзяленне і перавялі ў рэанімацыю бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі ў Гомелі. Адвакат Калеснікавай заявіў, што яе даставілі ў бальніцу з хірургічнай паталогіяй і прааперавалі 28 лістапада.

У штабе 30 лістапада паведамілі, што бацька Марыі Аляксандр Паўлавіч знаходзіцца ў бальніцы Гомеля. Яго камунікацыя з дактарамі праходзіць у прысутнасці супрацоўнікаў МУС. У паведамленні гаварылася, што аперацыя прайшла планава і паспяхова, Марыя ў свядомасці, атрымлівае неабходнае лячэнне, але яна ўсё яшчэ ў цяжкім стане. Паводле непацверджанай інфармацыі, у яе прабадная язва.

Суд прызначыў паплечніцы Віктара Бабарыкі Марыі Калеснікавай 11 гадоў агульнага рэжыму. Адбываць пакаранне яе накіравалі ў ПК-4 Гомеля.