«Беларусбанк» увёў магчымасць падаваць заяўкі на крэдыты на нерухомасць праз мабільную праграму. Пра гэта паведамляецца на сайце фінустановы. «Люстэрка» расказвае падрабязнасці па новаўвядзенні і прыводзіць разлікі, колькі давядзецца пераплаціць банку.
Заяўку на крэдыт «Іпатэка экспрэс» цяпер можна падаць у М-банкінгу, абвясціў «Беларусбанк». У фінустанове растлумачылі, як пакінуць заяўку на пазыку: «Каб пакінуць заяўку на крэдыт, неабходна ўвайсці ў праграму М-банкінг і перайсці ва ўкладку „Фінансы“. Далей прайсці шлях: „заяўкі“ — „адкрыць крэдыт/авердрафт“ — „з наведваннем банка“ — „без паручальніцтва“ — крэдыт „Іпатэка экспрэс“ на набыццё жылога памяшкання».
Раней падаць заяўкі на такія крэдыты можна было ў аддзяленнях банка, а таксама праз інтэрнэт-банкінг. Пры падачы заяўкі ў анлайн-фармаце не трэба наведваць іпатэчны офіс, удакладняе фінустанова.
Колькі давядзецца пераплаціць, калі ўзяць крэдыт
Калі трэба пазычыць у банка 50 тыс. рублёў на куплю кватэры, то пераплата працэнтаў за ўвесь перыяд карыстання крэдытам складзе 72 тыс. рублёў. Гэта пры ўмове, што пазыку выдадуць на 20 гадоў пад стаўку ў 14,4% гадавых (але трэба ўлічваць, што яна мяняецца, бо прывязаная да стаўкі рэфінансавання).
Зарплата, каб атрымаць такі крэдыт, мусіць быць на ўзроўні 1156 рублёў у месяц. Пры гэтым не мусіць утрыманняў па выканаўчых лістах і аліментах, а таксама плацяжоў па іншых крэдытах.
Чытайце таксама