Дзеянні Польшчы на мяжы, у тым ліку ўзмацненне кантролю на тэрмінале ў Малашэвічах, служаць сігналам беларускім уладам, з якога тыя мусяць зрабіць высновы. Перш за ўсё гэта датычыць зняволення журналіста Андрэя Пачобута і адмовы Беларусі выдаць забойцу польскага салдата, заявіў міністр унутраных справаў і адміністрацыі Польшчы Томаш Семоняк у эфіры «Польскага радыё».
Кіраўнік МУС Польшчы пракаментаваў узмацненне кантролю на мытным тэрмінале ў Малашэвічах на мяжы з Беларуссю, падчас якога пад выглядам дэталёвых праверак 33 гадзіны быў фактычна заблакаваны чыгуначны транзіт з нашай краіны.
Паводле яго, такім чынам польскі бок выкарыстоўвае працэдуры ў інтарэсах дзяржавы, але таксама дэманструе сваю пазіцыю што да розных пытанняў. Пры гэтым Польшчу «нельга папракнуць у руплівым выкананні рэгламенту».
— Я думаю, Беларусь, якая мусіць быць зацікаўленая ў паляпшэнні адносін з Польшчай, абавязаная зрабіць высновы з розных сітуацый. Тое, што Андрэй Пачобут сядзіць у турме, тое, што Беларусь не хоча выдаць нам забойцу польскага салдата, — гэтыя рэчы зусім выходзяць за рамкі дыскусіі пра адносіны паміж дзвюма краінамі, — заявіў Томаш Семоняк.
Міністр абвінаваціў беларускія ўлады ў тым, што яны «па сутнасці, абараняюць забойцу польскага вайскоўца», і гэта змушае Варшаву «шукаць розныя сродкі рэагавання».
— Тут мы гаворым пра датрыманне прадпісанняў, і нашыя службы, у гэтым выпадку падатковыя і мытныя, проста выконваюць прадпісанні, — патлумачыў ён.
Семоняк запэўніў, што польскія службы не супакояцца, пакуль не знойдуць забойцу шарагоўца Матэвуша Сітка, які загінуў пасля сутыкнення з мігрантамі на мяжы ў канцы траўня, хоць Беларусь не супрацоўнічае з Польшчай у гэтым пытанні.
Таксама, з ягоных словаў, Польшча шукае розныя спосабы паўплываць на афіцыйны Мінск, у тым ліку праз перамовы «з іншымі дзяржавамі, якія могуць уплываць на дзеянні Беларусі».
— Каб дайшло да свядомасці [Лукашэнкі], што з Польшчы хопіць і што мы больш не дазволім такіх дзеянняў. Няма сумневу, што Беларусь рэгулюе рух [мігрантаў] на мяжы. Лукашэнка адным рашэннем мог бы гэта спыніць, але замест гэтага [ён гэта] дазваляе, і яго службы актыўна ўдзельнічаюць у працэсе, — сцвярджае Семоняк.
Міністр таксама расказаў, што да аховы польска-беларускай мяжы могуць быць прыцягнутыя сілы Германіі і іншых краін Шэнгенскай зоны. У прыватнасці, ён запрасіў наведаць мяжу нямецкую калегу Нэнсі Фэзер, каб ацаніць, «як яны могуць дапамагчы» Польшчы.
Таксама ў планах — візіт на мяжу з Беларуссю міністраў замежных справаў шэрагу краін ЕС, у тым ліку Германіі, Фінляндыі і Грэцыі, арганізаваны кіраўніком МЗС Польшчы Радаславам Сікорскім. Варшава чакае, што іншыя дзяржавы возьмуць удзел у вырашэнні памежнага крызісу, «фінансава ці з пункту гледжання чалавечых рэсурсаў».
Нагадаем, як нядаўна стала вядома польскаму выданню RMF FM з неафіцыйных звестак, некалькі дзён таму праз дыпламатычныя каналы ў Мінск быў накіраваны сігнал, што Польшча больш не будзе цярпець міграцыйнага ціску на мяжы, а таксама знаходжання за кратамі польскага журналіста і грамадскага актывіста Андрэя Пачобута. Але ад Беларусі дагэтуль не было ніякага адказу.
У палітычным жа плане польскае МЗС разлічвае на ціск Пекіна на Мінск, каб Лукашэнка выканаў патрабаванні Польшчы.
Польскія і беларускія афіцыйныя асобы пакуль ніяк не каментавалі гэтай інфармацыі.
Чытайце таксама