Аляксандр Лукашэнка лічыць, што заклікі беларускіх дэмсілаў галасаваць супраць усіх заўчасныя, а ахвочым удзельнічаць у выбарах трэба прыязджаць у Беларусь. Пра гэта ён заявіў 3 студзеня на сустрэчы са сваімі даверанымі асобамі.
— Вядома, нашыя збеглыя (так беларускія ўлады называюць сваіх апанентаў за мяжой. — Заўв. рэд.) ужо нацкавалі Захад. Вы і самі бачыце іх палітыку: «Галасуем супраць усiх». Яшчэ галасаванне не пачалося, можа, хтосьці здымецца з гэтай дыстанцыі і гэтак далей, а ўжо «супраць усіх». Яшчэ не пачулі, пра што гэтыя кандыдаты будуць гаварыць, не — «супраць усіх». Але гэта іх справа, іх права заяўляць. З-за мяжы лёгка вякаць, — сказаў Лукашэнка.
Ён заклікаў асабіста «прыязджаць сюды і ўдзельнічаць у выбарах».
— Як прыехаць — на гэтае пытанне ўжо некалькі разоў адказвалі, — дадаў палітык.
Таксама Лукашэнка закрануў тэму беларускіх палітвязняў, заявіўшы, што «ніякага здзеку, ніякіх палітвязняў у нас няма».
— Не збіраюся я там як прэзідэнт ціснуць на кагосьці. Гэта перадвыбарная кампанія, гэта выбары — тут людзі павінныя вырашаць усё так, як яны палічаць патрэбным. Ужо потым, як я казаў, прабачце, выбралі — давайце будзем працаваць, — дадаў ён.
Нагадаем, раней беларускія дэмакратычныя сілы, у прыватнасці, іх лідарка Святлана Ціханоўская, заклікалі галасаваць супраць усіх на блізкіх прэзідэнцкіх выбарах.
— У грамадстве, дзе чатыры гады рэпрэсіі не спыняюцца ні на дзень, які-кольвек пратэст цяпер немагчымы, нават мірны. Але ў беларусаў ёсць запыт нешта зрабіць у гэты дзень. Зразумела, што ніхто не будзе лічыць галасы, зразумела, што не будзе ніякіх сумленных назіральнікаў. Але мы таксама ведаем, што ў Беларусі існуе практыка заганяць людзей на выбарчыя ўчасткі, каб паказаць масавасць і гэтак далей. Таму мы просім тых, хто трапляе на псеўдагаласаванне на ўчасткі, галасаваць супраць усіх, — казала Ціханоўская.
Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі пройдуць 26 студзеня. ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі Аляксандра Лукашэнку, Алега Гайдукевіча, Ганну Канапацкую, Аляксандра Хіжняка і Сяргея Сыранкова.
Участкі за мяжой перасталі адкрываць пасля 2020 года. Магчымасці прагаласаваць тым, хто пастаянна жыве ў іншых краінах, ужо не было ні на канстытуцыйным рэферэндуме ў лютым 2022 года, ні на парламенцкіх выбарах 2024 года.