Ужо 15 грамадзян Беларусі, якія жывуць за мяжой і стаяць на консульскім уліку, прагаласавалі на прэзідэнцкіх выбарах, заявіў старшыня ЦВК Ігар Карпенка.
Выбары-2025, як і любая электаральная кампанія пасля прыходу ў 1994 годзе да ўлады Аляксандра Лукашэнкі, ні сумленныя, ні свабодныя. Падрабязней пра тое, як рэжым дзесяцігоддзямі крадзе галасы беларусаў і беларусак, мы расказалі ў праекце «Без выбару».
«Шмат крыкаў бывае, што мы ўчасткі за мяжой не адкрылі. Магу вас праінфармаваць, што ўжо на гэтых шасці ўчастках, якія ёсць у абласцях і горадзе Мінску, прагаласавалі 15 грамадзян Беларусі, якія пражываюць за мяжой. Нагадаю, што ў адзіны дзень галасавання (у лютым 2024 года. — Заўв. рэд.) такіх грамадзян было ўсяго шэсць», — адзначыў Ігар Карпенка.
Нагадаем, Карпенка тлумачыў адсутнасць замежных участкаў тым, што беларусаў за мяжой нібыта вельмі мала — у 2020-м там прагаласавала толькі каля 18,5 тысячы чалавек. Таму тым, хто жыве за мяжой і стаіць на консульскім уліку, прапануецца ехаць у адзін з беларускіх абласных цэнтраў.
Паводле звестак Белстата на 1 студзеня 2024 года, насельніцтва Беларусі склала 9 155 978 чалавек. Пры гэтым афіцыйная статыстыка не ўлічвае беларусаў, якія з’ехалі з краіны за апошнія некалькі гадоў. У Дэпартаменце па грамадзянстве і міграцыі МУС паведамлялі, што ў 2021−2022 гадах з’ехала больш за 200 тысяч чалавек. Раней намеснік міністра ўнутраных справаў Мікалай Карпянкоў ацэньваў эміграцыю ў 350 тысяч чалавек. Старшы даследчык Цэнтра новых ідэй Генадзь Коршунаў называў адток людзей з 2020 года ў «500−600 тысяч чалавек».
З улікам тых, хто з’ехаў, хутчэй за ўсё, у Беларусі можа жыць менш за 9 млн чалавек — такія разлікі прыводзілі эксперты BEROC.