Польшча з 10 лютага прыпыніла працу пункта пропуску «Баброўнікі», і вось ужо больш за тыдзень памежны рух штарміць: чэргі на двух апошніх пунктах пропуску — «Тэрэспаль» для легкавога транспарту і «Кукурыкі» для грузавога — павялічваюцца, Беларусь абмежавала ўезд для польскіх перавозчыкаў, Польшча на такое рашэнне абяцае «ідэнтычна» адказаць. За ўсімі гэтымі навінамі пільна сочаць польскія прадпрымальнікі на Кавалерыйскім рынку ў Беластоку. Іх выжыванне, як яны самі прызнаюцца, наўпрост залежыць ад беларусаў, якія прыязджалі сюды «на закупы». «Люстэрка» паглядзела, як цяпер, пасля закрыцця «Баброўнікаў», працуе самы папулярны ў беларусаў польскі рынак.

Імёны суразмоўцаў з Беларусі змененыя.
Кавалерыйскі рынак у Беластоку за больш чым 30-гадовую гісторыю існавання шмат разоў перажываў і перыяды росквіту, і цяжкія часы. Але апошні крызіс, які пачаўся падчас пандэміі, здаецца, ударыў мацней за ўсё па мясцовых прадпрымальніках.
За апошнія некалькі гадоў гандлёвыя месцы тут скараціліся прыкладна на траціну, хоць мясцовыя ўлады і імкнуцца дапамагчы сваім іпэшнікам — падчас пандэміі, напрыклад, для іх былі зніжаныя арэндныя стаўкі. З 1 студзеня гэтага года ў польскіх прадпрымальнікаў, якія гандлююць на рынку, ёсць магчымасць плаціць за сваё месца на 80% менш ад сумы, прапісанай у дамове. Праўда, з умовай — зрабіць рамонт у сваім памяшканні. Праграма працягнецца да канца сакавіка, і такой прапановай, паводле прэс-сакратара мэра Беластока Уршулі Бублей, скарысталася больш за 320 прадаўцоў — гэта прыкладна траціна ад гандляроў на рынку.
Аднак самі прадпрымальнікі кажуць, што гэтых мераў не хопіць, каб падтрымаць і так не надта актыўнае жыццё на рынку, і са шкадаваннем адзначаюць: закрыццё «Баброўнікаў» можа стаць апошнім цвіком, забітым у вечка труны мясцовага гандлю.
У суботу — галоўны гандлёвы дзень — пакупнікоў на базары зусім няшмат. Палякаў, здаецца, спалохаў моцны вецер, які зрывае з вешалак кепска замацаваную вопратку і страшэнна грыміць хісткімі дахамі на павільёнах.
Беларусаў таксама мала. А тыя, хто даехаў, ціснуцца да прылаўкаў з парашкамі і забягаюць у нешматлікія адкрытыя павільёны з бытавой тэхнікай паміж моцнымі парывамі ветру.
Холадна, ціха і шэра. Прадаўцы за прылаўкамі замерлі ці то ад няпэўнасці, то ад марозу.
«Цэны падраслі, але ўсё роўна танней, чым у Беларусі»
На стаянцы ля гандлёвых шэрагаў, дзе раней у выходныя стаялі дзясяткі маршрутак і легкавікоў з Беларусі, сумуюць машыны на польскіх нумарах. На краі стаянкі — усяго два бусікі з Гродна, якія, па словах іх пасажыраў, прабраліся ў Беласток праз Літву.
Сярод соснаў ля агароджы рынку стаіць некалькі вялікіх экскурсійных аўтобусаў з Беларусі. Каля іх — дзясяткі людзей. Пакуюць сумкі ў багажнікі, перагаворваюцца, абмяркоўваюць курсы валют і параўноўваюць цэны ў дзвюх краінах.
— Тут аўтобусы з рэгіёнаў. Вось глядзіце. Першы — з Брэсцкай вобласці, два — з Мінскай, яшчэ некалькі — з Гродзенскай. Сабралі людзей з маленькіх гарадоў і паехалі. Але гэта не шоп-тур у класічным разуменні, а экскурсія з заездам на кірмаш і ў гандлёвы цэнтр. А далей у нас — паездка ў Супрасль, — расказвае Дзмітрый. Сам ён з Астраўца. У экскурсійным аўтобусе, на якім прыехаў мужчына, пасажыры з Ашмянаў, Астраўца, Смаргоні, Маладзечна, Іўя. Мяжу, кажа беларус, яны перасеклі досыць хутка — за тры гадзіны ўсё прайшлі. Ехалі праз памежны пункт «Катлоўка» на беларуска-літоўскай мяжы.
— Таму сама дарога да Беластока заняла больш часу, — уключаецца ў гутарку Ігар. У Польшчы ён апошні раз быў яшчэ да пандэміі каранавіруса. Адзначае, што цэны ў суседняй краіне за час яго адсутнасці падраслі.
— Але ў параўнанні з тымі, якія цяпер у нас, тут практычна ўсё таннейшае.
— Што купілі на рынку?
— Па дробязі. Парашок, шакаладкі, сродак для мыцця посуду, паласкальнікі, цукеркі дзецям. Нейкіх вялікіх пакупак у гэтую паездку не планаваў. Больш з цікавасці паехаў — паглядзець, як усё змянілася. Рынак, дарэчы, стаў меншы, самі паглядзіце, колькі пустых прылаўкаў. Раней і крамаў было больш, і прадаўцоў на шэрагах, а цяпер за 15 хвілін можна ўсё абысці.
І праўда, «жывых» гандлёвых шэрагаў засталося ўсяго тры. У астатніх адкрытыя два-тры павільёны. Асартымент, як адзначаюць беларусы, візуальна стаў меншы. Але польскія прадаўцы тлумачаць: праз вецер не ўсё выкладвалі на прылаўкі, а калі нешта трэба, могуць паднесці.
— Што вас цікавіць? Вось гэтае паліто ёсць у розных памерах, заходзьце-заходзьце ўнутр, там цёпла, зараз пакажу ўвесь тавар, — кажа Міраслаў, які гандлюе жаночай вопраткай у павільёне каля стаянкі. Ён расказвае, што беларусам заўсёды робіць вялікія зніжкі.
— Вось гэтую вясновую куртку прадаю вашым за 130 злотых (81 беларускі рубель). У вас, кажуць, такія па 100 даляраў. Глядзіце, якія яркія колеры. Беларусы оптам бяруць — па тры штукі за раз. А палякам мы прадаём па 190 злотых. Як гандаль ідзе? У мяне ўсё добра. Ёсць пастаянныя кліенты. Праўда, хутка буду падымаць цэны — тканіны падаражэлі. Усё даражэе, — кажа Міраслаў і прапануе ўсё ж памераць і куртку, і вунь тое паліто, бо колер «вельмі пасуе пані».
Увогуле, у Міраслава, нягледзячы на закрыццё памежнага пераходу «Баброўнікі», усё ў гандлі ідзе добра. Пра цяжкасці беларусаў у перасячэнні беларуска-польскай мяжы ён, зразумела, ведае. За сітуацыяй у адносінах дзвюх краін сочыць па навінах, але абмяркоўваць не хоча.
— А што тут казаць? У мяне пакуль усё добра, а далей будзе відаць. Але і не такое перажывалі, — заключае ён.
Аптымізму Міраслава многія яго калегі не падзяляюць. Унізе, дзе асноўныя гандлёвыя шэрагі, настроі іншыя.
«Мы беларусаў вельмі-вельмі чакаем і заўсёды ім радыя»
Каля пункта з цёплымі аксэсуарамі — шапкамі і шалікамі — пара з Беларусі выбірае пальчаткі. Прадавец адразу робіць зніжку.
— Пальчаткі каштуюць 20 злотых (12 рублёў), аддам за 18 злотых (11 рублёў), а калі дзве пары купіце — то і па 16 (10 рублёў) забірайце, — прапануе мужчына. Маладыя людзі, трохі пастаяўшы, адыходзяць. Абяцаюць вярнуцца. Прадавец уздыхае.
— Самі бачыце, як цяпер ідзе гандаль. Калі яшчэ парашкі абавязкова купяць, то да нас і не дойдуць, — кажа мужчына.
Закрыццё «Баброўнікаў», кажа мужчына, мясцовыя прадпрымальнікі абмяркоўваюць ужо тыдзень.
— Разумееце, праблемы «Лешка (памяншальнае ад польскага імені Лех. — Заўв. рэд.) з Падляшша» нікога не хвалююць. Улады ўсё вырашылі, а нас, маленькіх людзей, не спыталі. А як нам гандляваць? Што будзе з намі? Хай бы Лукашэнку вашаму нешта зрабілі, а не простым людзям закрылі праезд да нас. Толькі-толькі адышлі ад пандэміі, вашыя нарэшце паехалі. А цяпер хто ў нас будзе купляць? Палякі на рынак асабліва не ездзяць ужо. Уся надзея на беларусаў. Раней фурамі ў нас куплялі, а цяпер калі пяць шапак прадам за дзень — ужо добра. Вы абавязкова напішыце, што мы беларусаў вельмі-вельмі чакаем і заўсёды ім радыя.
Падобнае кажуць і іншыя польскія прадпрымальнікі на рынку.
Вось Мацей. Гандлюе жаночай вопраткай. Кажа, што навіна пра закрыццё «Баброўнікаў» спачатку засмуціла і нават выбіла з каляіны, але мінулы тыдзень паказаў, што паток беларусаў, вядома, стаў меншы, але на Кавалерыйскі яны ўсё ж працягваюць прыязджаць.
Па словах мужчыны, гандаль у першы тыдзень пасля закрыцця памежнага перахода, магчыма, і не так актыўна, як раней, але ішоў. А вось субота, і гэта ўжо відаць, аказалася правальнай.
Беларусы хоць і прыехалі, але нешта ў звыклым парадку рэчаў зламалася. Ці паправіцца — прадпрымальнікі на Кавалерыйскім рынку не ведаюць, загадваць баяцца, але асцярожна мяркуюць, што далей усё можа быць горш.
— Мы думаем, што вашых стане ўсё ж менш. Стаяць 20 гадзін на мяжы, каб у мяне купіць сукенку? Гэта наўрад. У выніку ўсім тым, хто жыве за кошт мяжы, будзе дрэнна. І вам, і нам. Раней як было: буднія — гэта дні, калі фармаваліся заказы, у пятніцу-суботу прыязджалі забіраць тавар. Але потым вашыя ўлады ўвялі ўсе гэтыя абмежаванні, партыі сталі меншыя. З часам буйныя аптавікі зусім адваліліся. Але стала больш тых, хто для сябе нешта купляў. Для сябе і мамы, для сябе і суседкі. Або зусім маленькімі партыямі — па дзве-тры штукі, каб правезці можна было без праблем. А цяпер і такіх беларусаў стала зусім мала.
Мацей кажа, што многія яго калегі задумваюцца пра закрыццё сваіх павільёнаў.
Пра завяршэнне сваёй рынкавай кар’еры гаворыць і яшчэ адна прадавачка — пані Марта.
На Кавалерыйскім пажылая жанчына працуе ўжо каля 20 гадоў. Гандлюе жаночымі калготкамі польскіх вытворцаў. У яе маленькім павільёнчыку на рагу гандлёвага шэрагу, дзе большасць пунктаў закрытая, толькі рэшткі тавару. На пытанне пра сваю гандлёвую будучыню кажа: «Без надзеі».
— Распрадаюся. Яшчэ, напэўна, каля месяца прапрацую. Людзі цяпер польскія рэчы купляць не хочуць. Усё больш кітайскае цікавіць. Польскае даражэй, вядома, выходзіць. Але і калготкі, глядзіце, лепшай якасці ў мяне. Але пакупнікі паглядзяць, паглядзяць і пойдуць туды, дзе можна сэканоміць. Прычына тут нават не ў тым, што вашых стала менш, а проста ў людзей няма грошай. А значыць, і ў мяне іх не будзе, — паціскае плячыма пані.
Што адбылося
Нагадаем, пра тое, што пункт пропуску «Баброўнікі» на мяжы з Беларуссю з 10 лютага прыпыніць працу, паведаміў міністр унутраных справаў і адміністрацыі Польшчы Марыюш Каміньскі. Ён заявіў, што рашэнне пра закрыццё руху праз «Баброўнікі» прынятае «ў мэтах дзяржаўнай бяспекі».
Раней, у 2021 годзе, польскі бок з прычыны міграцыйнага крызісу закрыў пункт пропуску на беларуска-польскай мяжы «Брузгі — Кузніца Беластоцкая». Яшчэ раней, у 2020 годзе, з ініцыятывы польскага боку праз COVID-19 былі закрытыя пункты пропуску «Славатычэ — Дамачава» і «Полаўцы — Пясчатка».
Такім чынам, на беларуска-польскай мяжы засталіся толькі два дзейныя пункты пропуску — для грузавога транспарту ў Польшчу працуе адзіны пункт пропуску «Кукурыкі» (з беларускага боку — «Казловічы»), а для легкавога — пункт пропуску «Тэрэспаль» (з беларускага боку — «Брэст»).
10 лютага прэм’ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі заявіў, што прычынай закрыцця памежнага перахода ў Баброўніках стаў рост напружанасці ў адносінах з Беларуссю. Ён таксама не выключыў закрыцця і іншых пераходаў на мяжы з Беларуссю.
Таксама стала вядома, што мытнікі з пункта «Баброўнікі» затрыманыя па абвінавачанні ў садзейнічанні кантрабандзе.
Увечары 17 лютага Беларусь увяла абмежаванне ўезду для польскіх перавозчыкаў. У Польшчы паабяцалі прыняць аналагічныя меры.