Інстытут сацыялогіі апублікаваў вынікі апытання пра тое, якія святы і памятныя даты найбольш значныя для жыхароў Беларусі. Маніторынг праводзіўся яшчэ летась праз анкетнае апытанне ў Мінску, абласных гарадах, некаторых райцэнтрах і вёсках, у ім паўдзельнічалі больш чым 1800 чалавек. Вынікі паказалі, што ў топе ў беларусаў знаходзяцца традыцыйныя рэлігійныя святы.
Удзельнікам задалі два пытанні: агульнае — пра самыя значныя святы і памятныя даты, а таксама асобнае — пра самыя значныя дзяржаўныя святы.
На першым месцы сярод святаў у цэлым па выніках апытання аказаўся Вялікдзень (каталіцкі і праваслаўны). Яго выбралі 74,7% рэспандэнтаў. Прычым ён значны для ўсіх узростаў, але больш за ўсё — для найстарэйшых: ва ўзросце 18−29 гадоў Вялікдзень згадалі 60,8% апытаных, 30−49 гадоў — 73,4%, старэйшыя за 50 гадоў — 81,3%. Таксама Вялікдзень прыкметна папулярнейшы ў жанчын (82,2%), чым у мужчын (65,1%).
На другім радку рэйтынгу аказаўся Новы год. Яго згадалі 72,1% рэспандэнтаў, і гэтае свята прыкладна аднолькава важнае для абодвух полаў і ўсіх узростаў.
Трэцім найбольш значным святам рэспандэнты назвалі Раство Хрыстова (71,6%). Гэтае свята важнейшае для жанчын (79,5%), чым для мужчын (61,6%), і папулярнейшае сярод людзей, старэйшых за 50 гадоў (77,5%), чым сярод моладзі 18−29 гадоў (57,6%).
Таксама многія рэспандэнты адзначылі значнасць Радаўніцы — 57,6%. Яна, зноў жа, менш значная для мужчын (47,3%) і моладзі (39,2%), чым для жанчын (64,6%) і людзей, старэйшых за 50 гадоў (68,2%).
Больш чым палова апытаных таксама згадалі Міжнародны жаночы дзень (54,9%) і Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных сіл Беларусі (51,4%). Дзень 8 сакавіка важнейшы для жанчын, чым для мужчын (60,4% супраць 47,9%), але, што цікава, папулярнейшы ў моладзі (60,8%), чым у людзей пасля 50 гадоў (50,1%). А вось 23 лютага заканамерна важнейшы для мужчын, чым для жанчын (57,5 і 46,5%).
Сярод дзяржаўных святаў беларусы самым важным назвалі Дзень Перамогі (81,7%). Больш чым палова згадала Дзень незалежнасці (53,4%). Дзень Канстытуцыі (15 сакавіка) назвалі значным толькі 20,5%, Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі (2 красавіка) — 16,6%, Дзень народнага адзінства (17 верасня) — 13,5%, Дзень дзяржаўнага сцяга, дзяржаўнага герба і дзяржаўнага гімна (14 траўня) — 12,7%.