Сёння тысяча дзён з таго часу, як у Мінску затрымалі Марыю Калеснікаву — адну з галоўных фігураў падзей 2020 года. Ужо тры месяцы пра яе, як і пра многіх іншых палітвязняў, няма ніякай інфармацыі. Больш за ўсё за Марыю перажываюць яе блізкія — тата і сястра. Як гэта — не ведаць, што з тваім родным чалавекам у зняволенні, «Люстэрка» пагаварыла з яе сястрой — Таццянай Хоміч.
«У лютым у нас знікла сувязь з Машай, на той момант ёй ужо год не прыходзілі лісты ні ад кога, акрамя блізкіх»
— Таццяна, калі вы атрымалі апошні ліст ад сястры?
— 15 лютага. Гэта былі паштоўкі для таты. З таго часу ўсякая камунікацыя з Машай спынілася.
— Што было ў паштоўках?
— Маша пісала, што атрымала лісты ад мяне і ад таты. Пісала, што татавы даходзяць лепш, чым мае. Прасіла не турбавацца пра яе здароўе: у калоніі ёй аказваюць медыцынскую дапамогу, яна прымае таблеткі. Перадавала велізарныя прывітанні ўсім родным, блізкім і сябрам. Прасіла бацьку берагчы сябе і казала, што ўсіх любіць. Была яшчэ маленькая паштовачка з адной фразай: «Татачка, усё будзе добра».
— У канцы лістапада мінулага года Марыю шпіталізавалі з калоніі з перытанітам, які ўзнік праз прабадзенне язвы. Што вядома пра яе здароўе цяпер?
— 5 снежня, адразу пасля аперацыі, тата змог сустрэцца з Машай. Яна была яшчэ вельмі слабая, але бадзёра ўсміхалася. Гэта была іх першая сустрэча за два гады, калі можна было абняць адно аднаго. Раней яны маглі бачыцца толькі праз шкло ў пакоі для спатканняў у калоніі або праз клетку ў зале суда.
У канцы студзеня — пачатку лютага ўжо ў калоніі з Машай змог сустрэцца адвакат. Ёй рабілася лепш, але было заўважна, што яна страціла шмат вагі. Казала, каля 15 кг.
Праваабаронцы нядаўна пісалі, што здароўе Машы пагоршылася. Мы праверыць гэта ніяк не можам. Будзем і далей стукацца ў адміністрацыю калоніі і Дэпартамент выканання пакаранняў.
Я кансультавалася з доктарам, і ён сказаў, што Машы пасля аперацыі патрэбная спецыяльная дыета. Мне страшна за сястру. Тры месяцы ніякай інфармацыі. Не ведаю, што і думаць.
— У Марыі былі праблемы са страўнікам да таго, як яна трапіла ў турму?
— Не.
— Пасля аперацыі яе вярнулі назад?
— Так, у Гомель. У сакавіку я даведалася, што Маша знаходзіцца ў ПКТ (рэжым у памяшканні камернага тыпу — больш строгі, чым у агульнай калоніі. Зняволеным дазваляюць траціць менш грошай на пакупкі ў турэмнай краме, іх выводзяць на 30-хвілінны шпацыр адзін раз на дзень. — Заўв. рэд.). Думаю, яна па-ранейшаму там.
— Што Марыя расказвала пра ўмовы ўтрымання?
— З самага пачатку ў калоніі да Машы было асаблівае стаўленне. Ёй не дазваляюць камунікаваць з іншымі жанчынамі, а ім — з Машай. Яе пастаянна суправаджае хтосьці з ахоўнікаў. Нават у прыбіральню. Маша носіць на вопратцы жоўтую бірку (палітвязняў часта прымушаюць насіць жоўтую бірку — гэта азначае, што іх паставілі на прафулік як схільных да небяспечных дзеянняў. — Заўв. рэд.).
Машы забаранілі займацца спортам. Зусім. Гэта вялікі ўдар, таму што яна — актыўны чалавек, любіць падтрымліваць сябе ў форме.
Летась нам нават дазволілі такую раскошу, як размовы праз відэасувязь. Я стэлефаноўвалася з Машай шэсць разоў. Адзін званок — пяць хвілін. Яна выходзіла на сувязь у ружовай сукенцы ў кветачку і пінжаку колеру хакі. Кароткая стрыжка, цёмныя валасы, чырвоная памада. Падчас нашых размоваў побач з Машай заўсёды нехта стаяў.
У таты было толькі адно кароткатэрміновае спатканне (4 гадзіны) з ёй у кастрычніку 2022 года. Хоць такіх спатканняў мусіць быць некалькі на год. Яшчэ зняволеным належыць адно доўгатэрміновае — на суткі і даўжэй. Але адміністрацыя калоніі кожны раз знаходзіла прычыны, каб адмаўляць Машы. Надуманыя падставы: штрафы за тое, што яна нібыта нагрубіла камусьці, кагосьці перабіла. Штрафы назапашваюцца, і чалавека пазбаўляюць сустрэчаў, званкоў, перадач.
Маша хацела атрымліваць дыстанцыйную адукацыю ў калоніі, але ёй адмовілі. Там ёсць бібліятэка, але няма часу чытаць. Працоўны графік — 6 дзён на тыдзень (а часам і 7) па 6−7 гадзін. Пасля працы часта дадатковыя нарады: прыборка тэрыторыі, дапамога на кухні і да т.п.
— Музычныя інструменты там ёсць ці, можа, удалося перадаць?
— Усе нашыя спробы перадаць флейту (Марыя Калеснікава — прафесійная музыка, грае на флейце. — Заўв. рэд.) былі беспаспяховымі. Правілы ў турмах простыя: дазволена перадаваць толькі тое, што ёсць у спісе для перадачаў. Музычных інструментаў там няма.
— Кім Марыя працуе ў калоніі?
— Швачкай. Маша расказвала, што першыя некалькі месяцаў яна нават прасоўвалася па «кар'ернай» лесвіцы (смяецца). Ёй павышалі разрад. Думаю, у нейкі момант адміністрацыя зразумела, што кар’ера Машы занадта імклівая — і перастала даваць разрады. Асаблівых дэталяў не ведаю. Маша казала, што праца вельмі аднастайная.
— За працу плацяць?
— Маша называла лічбу — не больш за 3 рублі ў месяц.
— Перад трапляннем у бальніцу Марыю адпраўлялі ў ШІЗА?
— Так. Меркавана 17 лістапада. На дзесяць сутак.
— Вам вядома, чаму?
— Нейкія парушэнні. Хутчэй за ўсё, зноў нешта з дробязяў: напрыклад, нагрубіла начальніку. Некалькі такіх парушэнняў — і чалавека адпраўляюць у ШІЗА.
— Беларусы пішуць вам ці тату з пытаннямі пра Марыю?
— Пішуць. Але ўсё менш і менш. Самы вялікі водгук быў адразу пасля Машынага затрымання ў 2020 годзе. Сотні паведамленняў за месяц. Потым было некалькі ўсплёскаў цікавасці: калі Машы вынеслі прысуд, калі яна трапіла ў бальніцу. Але з часам падтрымка змяншаецца, і гэта вельмі горка.
— А ў калонію людзі пішуць?
— Ведаю, што пішуць. Лісты не даходзяць. У лютым у нас знікла сувязь з Машай, але на той момант ёй ужо год не прыходзілі лісты ні ад когда, акрамя блізкіх. Адвакат спрабуе прарваць гэтую блакаду, але беспаспяхова.
— Як думаеце, Марыі крыўдна, што яна ахвяруе сваёй свабодай, здароўем, а салідарнасць і падтрымка змяншаюцца? Многія людзі наогул перагарнулі старонку.
— Мне складана адказваць за Машу — ці крыўдна ёй у гэтай сітуацыі. На жаль, сувязі з ёй няма, асабіста спытаць яе не можам.
«Думаю, упэўненасць у тым, што праўда на яе баку, таксама падтрымлівае Машу»
— Вернемся ў 2020 год. Першыя арышты, затрыманне Віктара Бабарыкі. Памятаеце, якая рэакцыя была ў Марыі?
— Мы ўсе былі ў шоку. Стала зразумела, што распраўляюцца з тымі, хто праяўляе палітычную актыўнасць. Думаю, Маша таксама ўжо тады разумела, што яе могуць затрымаць. Вельмі добра памятаю яе фразу: «Мы не робім нічога супрацьзаконнага». Яна, як і сотні тысяч беларусаў, разумела: праўда і закон на іх баку.
— Памятаеце свае думкі і пачуцці, калі Марыя парвала пашпарт на мяжы?
— Мне было вельмі страшна. Мы не ведалі, дзе яна і што будзе далей.
— Вы разумееце матывацыю Марыі? Чаму яна ахвяравала сваёй свабодай, але засталася ў Беларусі?
— Думаю, так. Яна была цвёрда настроеная не з’язджаць. Мы абмяркоўвалі гэта з ёй. Ужо затрымлівалі людзей, «дэпартавалі» Святлану Ціханоўскую, з’ехала Вераніка Цапкала. Мы пыталі ў Машы: можа, табе таксама варта? Але яна не хацела. Гэта было яе рашэнне, і я разумела, што яе будзе цяжка пераканаць. Адыграла ролю і тое, што Максім Знак вырашыў застацца ў Беларусі. Яны з Машай не хацелі кідаць людзей з каманды Бабарыкі.
— Цяпер вы не шкадуеце, што тры гады таму сястра зрабіла менавіта так?
— Можна шкадаваць пра рэчы, на якія асабіста ты магла паўплываць, але не зрабіла гэтага. На рашэнне Машы я паўплываць не магла. Але так, мне асабліва цяжка думаць пра тое, як турма адбіваецца на яе здароўі. І можа стаць толькі горш.
— Адкуль у Марыі сілы даваць рады ўсім выпрабаванням?
— Маша заўсёды была вельмі моцнай, з унутраным стрыжнем. Калі яна нешта задумвала, заўсёды цвёрда ішла да гэтага. Яна чалавек з вельмі ярка выяўленым пачуццём справядлівасці. Думаю, упэўненасць у тым, што праўда на яе баку, таксама падтрымлівае Машу: закон парушае не яна, а людзі, якія трымаюць яе ў калоніі.
— Якая ў вас розніца ва ўзросце з Марыяй?
— Я маладзейшая на чатыры гады.
— У сясцёр не заўсёды гладкія адносіны, асабліва ў дзяцінстве ці падлеткавым узросце. Якімі вы былі сёстрамі?
— Калі былі маленькімі, маглі і пабіцца. Як і многія сёстры. Але гэта скончылася ўжо ў падлеткавым узросце, і мы хутка сталі сяброўкамі. Маша — мая найлепшая сяброўка. Ведаю, што так далёка не ва ўсіх сем’ях так, але мы сталі вельмі блізкія, бавілі шмат часу разам, падарожнічалі, дзяліліся асабістым. Мне вельмі не хапае Машы — менавіта як самага блізкага чалавека.
— Праз хлопцаў бывалі сваркі?
— Не, не! (смяецца).
— Калі ўспамінаеце сястру, якія сцэны перад вачыма?
— Нейкія простыя моманты. Сумесны адпачынак. Мы ездзілі ўдзвюх у Мілан, Венецыю і Верону. Лёгкія сонечныя дні ў Італіі. Добра памятаю момант, калі Маша вучылася на дырыжора ў Акадэміі музыкі ў Мінску. Не вельмі папулярная прафесія сярод жанчын. Яна здавала экзамен, і ёй паставілі ніжэйшую адзнаку, чым хлопцам — з каментаром пра тое, што яна «крамольна дырыгуе». Маша моцна абуралася. Памятаю, з якой годнасцю яна рэагавала на гэтую несправядлівасць.
— Калі вы апошні раз бачылі тату?
— Як і Машу — у 2020 годзе.
— Як ён сябе адчувае, як настрой?
— Тата адчувае сябе нармальна. Вядома, вельмі перажывае за Машу. Хвалюецца, але трымаецца малайцом.
— Ён не можа з’ехаць за мяжу, каб убачыцца з вамі?
— Напэўна, можа. Але не хоча выязджаць з Беларусі.
— У Беларусі на тату ціснуць — улады, сілавікі?
— Наколькі ведаю, не.
— А на вас? Былі спробы пагражаць вам, прымусіць спыніць публічную дзейнасць?
— Не.
— Як думаеце, мама падтрымала б рашэнне Марыі заняцца палітыкай у 2020 годзе (мама Марыі і Таццяны памерла ў 2019 годзе. — Заўв. рэд.)?
— Не ведаю, складана сказаць. Магчыма, калі б мама была жывая, Маша зрабіла б па-іншаму.
— Марыя больш падобная да таты ці да мамы?
— Да таты, а я — да мамы (смяецца).
— Не баіцеся, што гады зняволення моцна зменяць Марыю, і гэта будзе ўжо не тая сястра, якую вы ведалі?
— Я пра гэта часта разважаю. Думаю, характар Машы не зменіцца. Яе стойкасць, прынцыповасць, пачуццё ўласнай годнасці па-ранейшаму на месцы. Але калоніі і турмы ўплываюць на людзей вельмі моцна. Перш за ўсё псіхалагічна. Людзі выходзяць з цяжкімі траўмамі. Я за гэта перажываю.
— Што скажаце Марыі пры сустрэчы?
— Што я яе люблю.
«Маша мусіць выйсці на волю ў канцы 2029 года. Я дакладна не гатовая, каб яна ўвесь гэты час прабыла ў турме»
— Давайце трохі пагаворым пра вас. У адным з інтэрв'ю Марыя казала, што вы працуеце ў IT-сферы. Вы да гэтага часу там?
— Не. Праз падзеі 2020 года я памяняла сферу. Раней працавала ў IT бізнес-аналітыкам.
— Цалкам прысвяцілі сябе грамадскім ініцыятывам?
— Так, жыццё моцна змянілася. Я не планавала пакідаць Беларусь — і з’ехала ў жніўні 2020 года. У мяне была там цікавая праца, якая добра аплачвалася. Але пасля затрымання Машы я занялася спробамі яе вызваліць. З часам гэтая дзейнасць пашыралася, і цяпер я займаюся і іншымі палітвязнямі ў Беларусі.
У студзені мы стварылі асацыяцыю былых палітвязняў і іх родных. У Каардынацыйнай радзе (КР) я ўзначальваю працоўную групу па палітзняволеных. Апошні год вывучала правы чалавека і дыпламатыю ў магістратуры ўніверсітэта Sciences Po ў Парыжы.
— На чым канкрэтна палягае вашая праца?
— У асноўным гэта публічная дзейнасць. Выступы, сустрэчы на мерапрыемствах па тэмах палітвязняў, катаванняў і гвалту ў беларускіх турмах. У рабочай групе КР мы правялі серыю дыскусій па самых важных і набалелых пытаннях. Цяпер найважнейшая мэта — разам з нашымі экспертамі і палітычнымі актарамі выпрацаваць адзіную стратэгію па вызваленні людзей.
У сакавіку была сустрэча ў французскім сенаце, дзе 20 парламентарыяў сімвалічна «ўсынавілі» палітвязняў. Мы доўга працавалі над гэтым мерапрыемствам з французскай дыяспарай і паслом Францыі ў Беларусі. Важна пастаянна нагадваць пра рэпрэсіі палітыкам у Еўропе і ЗША. Мэта адна — вызваленне людзей.
— Прагрэс ёсць?
— Трэба разумець, што наўрад ці бокам перамоваў з рэжымам можа стаць хтосьці з беларускіх дэмсілаў. Мусіць быць камунікацыя паміж Захадам і рэжымам. Мы сустракаемся з дыпламатамі розных краін. Частка з іх падтрымлівае ідэю перамоваў. Яны разумеюць, што для многіх палітвязняў знаходжанне ў турме — пытанне жыцця і смерці. На жаль, працэс гэты не хуткі. Асабліва цяпер, калі асноўная ўвага ў Еўропе надаецца вайне ва Украіне.
— Што можна прапанаваць беларускім уладам, каб яны вызвалілі хаця б частку палітвязняў?
— Мы бачылі варыянты, як гэта можа працаваць. Наталлю Хершэ вызвалілі пасля таго, як Швейцарыя прызначыла амбасадарку, якая ўручыла даверчыя граматы Лукашэнку. Потым гэта не перашкаджала Швейцарыі далучацца да санкцый супраць Беларусі, але чалавек выйшаў на волю. Трэба задаць пытанне беларускім уладам: чаго яны хочуць, у чым іх інтарэс? Думаю, пра гэта ў іх пытаюць нячаста.
Цяпер ходзяць чуткі пра адмену — частковую або поўную — санкцый супраць беларускага калію. Еўрапейскія краіны могуць адмяніць іх проста так. Чаму б не прывязаць да адмены санкцый вызваленне людзей у Беларусі? Але спачатку нам трэба дасягнуць кансенсусу па гэтым пытанні ўнутры дэмсілаў і грамадзянскай супольнасці.
У Машы тэрмін 11 гадоў. Яна мусіць выйсці ў канцы 2029 года. Я дакладна не гатовая, каб увесь гэты час яна прабыла ў турме. Магчыма, нешта зменіцца карэнным чынам у Беларусі. Мы ўсе гэтага чакаем. Але, можа, нічога і не зменіцца. Значыць, трэба ўжо цяпер спрабаваць вызваліць людзей.
— Нядаўна вы крыху паразмаўлялі з Уладзімірам Зяленскім на ўручэнні прэміі Карла Вялікага ў Германіі. Пра што была размова?
— Было вельмі мала часу, і я разумела, што трэба сказаць самае важнае. Тым больш у Зяленскага, думаю, было мала сустрэч з беларусамі пасля пачатку вайны. Я выказала словы падтрымкі ўкраінскаму народу, сказала, што беларусы падтрымліваюць Украіну, і падзякавала яму.
— Вы не раз прадстаўлялі сваю сястру на атрыманні розных узнагарод і прэмій. Дарэчы, колькі іх ужо?
— Каля 20.
— Можаце растлумачыць, чаму міжнародныя прэміі — гэта важна?
— Яны прыцягваюць увагу да сітуацыі Машы і іншых палітвязняў у Беларусі. І гэта прызнанне заслуг маёй сястры. На цырымоніях уручэння прысутнічае шмат палітыкаў: кіраўнікі Еўрапарламента, Еўракамісіі, лідары краін. І такія прэміі — гэта сігнал рэжыму ў Беларусі. Еўропа кажа: вось каго мы падтрымліваем.
— Некаторыя з прэмій суправаджаюцца даволі буйнымі ганарарамі. Напрыклад, прэмія Вацлава Гаўла, якую прысудзілі Марыі ў 2021 годзе, — гэта 60 тысяч еўра. Куды ідуць гэтыя грошы?
— Пакуль нікуды. Некаторыя з іх я не магу атрымаць, бо яны прызначаныя для Машы. Яна зможа атрымаць грошы, калі выйдзе на волю.
— Ёсць пачуццё, што нямала людзей у Беларусі «адключыліся» ад палітыкі: перасталі чытаць непрыемныя навіны, у тым ліку пра палітвязняў. Вас не палохае, што колькасць абыякавых расце?
— Не думаю, што гэта абыякавасць. Гэта стомленасць і стрэс. У стане стомленасці і стрэсу складана жыць некалькі гадоў. Гэта нармальны працэс. Не думаю, што людзям усё роўна. Чалавеку трэба думаць пра самога сябе, каб жыць далей.
Але так, я баюся, што людзі забываюць пра палітвязняў. З-за мяжы нельга сустрэцца са сваякамі тых, хто сядзіць у турмах. Нельга іх абняць, выпіць разам кавы. Гэта ж важна — падтрымаць чалавека ў такой сітуацыі.
— У ліпені 2020-га Марыю спыталі, на колькі працэнтаў яна верыць у перамогу. «Я не сумняваюся ў перамозе. Думаю, гэта пытанне часу. Гэта можа быць і 10 жніўня, і 20, і праз тры месяцы». З таго часу прайшло амаль тры гады. Як бы вы цяпер адказалі на гэтае пытанне?
— Напэўна, гэта ўжо гучыць смешна, але я ўпэўненая, што перамены адбудуцца. Толькі не «вось-вось» і не праз тры месяцы. Шлях можа заняць шмат гадоў. І самая вялікая рызыка цяпер — страта суверэнітэту. Гэтага нельга дапусціць.
— Вы, як і дзясяткі тысяч беларусаў, вось ужо некалькі гадоў за мяжой. Па чым у Беларусі сумуеце больш за ўсё?
— Напэўна, па старым ладзе жыцця, па адчуванні дома. Складана выбраць нешта адно. Сябры, дом, сям’я, нейкія месцы. Скажу шчыра: за тры гады я так і не прывыкла да жыцця за мяжой.
— Куды пойдзеце перш за ўсё, калі вернецеся ў Мінск?
— Самае першае — гэта сустрэча з сям’ёй. На жаль, за гэты час у нас памерла некалькі родных: бабуля, дзядуля, дзядзька. Мы так і не змаглі развітацца. Мне здаецца, многія з такім сутыкнуліся — і эмігранты, і зняволеныя.
— Марыя ведае пра смерць сваякоў?
— Так, мы паведамлялі ёй. Вядома, для яе гэта таксама было вельмі цяжка. Яна перадавала, каб тата трымаўся. Гэта яго бацькі пайшлі з жыцця. У яго ўсё менш і менш застаецца блізкіх, і яму вельмі цяжка трываць гэта аднаму.
Чытайце таксама