Учора, 10 кастрычніка, быў апошні дзень, калі можна было паведаміць уладзе пра свой замежны ВНЖ ці грамадзянства. Але што пагражае тым, хто гэтага не зрабіў, і ці можна яшчэ падаваць звесткі? Даведаліся ў Дэпартаменце па грамадзянстве і міграцыі МУС. Журналістка «Люстэрка» патэлефанавала туды як звычайная грамадзянка.
— Паводле новай рэдакцыі закона, трэба было паведаміць пра свой ВНЖ. І я сёння паглядзела, што ўчора быў апошні дзень, а я неяк празявала ўсе тэрміны. Скажыце, ці будзе нейкая адказнасць, калі пратэрмінаваць?
— Пакуль адказнасці няма, можаце ўсё адправіць, — адказала супрацоўніца дэпартамента.
— А наогул якая будзе адказнасць?
— Пакуль незразумела. Але калі ў заканадаўчыя акты будуць уносіцца змены, гэта будзе рабіць парламент, а не мы. Таму мы не можам пакуль ведаць, калі іх унясуць і якая будзе адказнасць. Можа, мы і будзем уносіць нейкія прапановы ў парламент, але пакуль інфармацыі няма.
— То-бок у прынцыпе не важна, што ўчора быў апошні дзень, і яшчэ можна ўсё адпраўляць, і ўсё будзе нармальна?
— Так.
Нагадаем, абноўлены закон «Аб грамадзянстве» набыў моц яшчэ 11 ліпеня і сярод іншага абавязаў паведамляць дзяржорганам пра ВНЖ, ПМЖ ці пашпарт іншай дзяржавы. Зрабіць гэта трэба было за тры месяцы, то-бок да заканчэння ўчорашняга дня. У адваротным выпадку ў МУС прыгразілі «наступствамі» — праўда, пакуль не вырашылі, якімі менавіта.