З 2020 года ўлады паслядоўна ўзмацняюць кантроль над беларусамі ў лічбавай сферы. Палітычны аналітык Арцём Шрайбман назваў гэты працэс прыкметай руху Беларусі ў бок таталітарызму. Расказваем, з дапамогай якіх тэхналогій і законаў дзяржава будуе нешта падобнае да лічбавай дыктатуры.
Захады, каб кантраляваць лічбавую сферу, беларускія ўлады рабілі даўно. Напрыклад, яшчэ ў 2017 годзе з’явілася рэспубліканская сістэма маніторынгу грамадскай бяспекі. Яе аснова — сістэма камер відэаназірання ў гарадах Беларусі з тэхналогіяй распазнання твараў.
Або іншы прыклад: з 2019 года дзяржаўным арганізацыям і прадпрыемствам забаронена падключацца да інтэрнэту праз замежныя DNS-серверы. Улетку 2020 года, перад прэзідэнцкімі выбарамі, гэтая забарона дазволіла адключаць дзяржарганізацыям доступ да незалежных навінавых рэсурсаў.
Але апошнія некалькі гадоў лічбавы кантроль узмацняецца.
Камер становіцца ўсё больш
Першапачаткова аператарам рэспубліканскай сістэмы маніторынгу грамадскай бяспекі (РСМГБ) была прыватная кампанія «Паноптэс», даччыны філіял Synesis, якая распрацавала разумную платформу відэаназірання Kipod. У 2022 годзе аператарам гэтай сістэмы стаў дзяржаўны «Белтэлекам». Нагадаем, Kipod дазваляе распазнаваць твары людзей, якія трапілі на гарадскія камеры відэаназірання. Сілавікі актыўна выкарыстоўвалі яе, каб вылічваць удзельнікаў пратэстаў 2020 года.
Мяркуючы з усяго, з таго часу камер у беларускіх гарадах (у першую чаргу ў Мінску) стала толькі больш. Так, напрыклад, у Мінску ў канцы 2019 года камер, якія падтрымліваюць сістэму распазнання твараў, было 100, а ўжо вясной 2023 года — 1100 (з 6000 камер у сталіцы). У планах — павялічыць агульную колькасць сталічных відэакамер да 30 тысяч.
У 2020 годзе Саўмін апублікаваў спіс з больш чым 200 аб’ектаў грамадскага харчавання і гандлю Мінска, якія за свой рахунак мусяць усталяваць камеры і падключыць іх да РСМГБ. Праз год з’явіўся новы спіс — ужо ад Мінгарвыканкама. Ён абавязаў усталяваць камеры на больш чым 1000 сталічных установаў, школаў, ВНУ, крам і адміністрацыйных будынкаў. Колькі з іх падключылі да РСМГБ і надзялілі функцыяй распазнання твараў — невядома.
Міністр унутраных справаў Іван Кубракоў заяўляў, што ўстаноўка новых камер — частка падрыхтоўкі сілавых структур да выбарчых кампаній 2024 і 2025 гадоў. Цяпер пастаянны доступ да запісаў камер назірання маюць амаль усе сілавыя органы Беларусі: МУС, КДБ, МНС, ДФР, Савет бяспекі, ААЦ і СК.
Супердоступ да банкаўскіх аперацый беларусаў
29 жніўня Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ пра меры па супрацьдзеянні несанкцыянаваным аплатным аперацыям. Згодна з дакументам, Нацыянальны банк «арганізуе інфармацыйнае ўзаемадзеянне паміж праваахоўнымі органамі і пастаўшчыкамі аплатных паслуг па абмене інфармацыяй пра несанкцыянаваныя аплатныя аперацыі і спробы іх здзяйснення».
Прасцей кажучы, паводле закона Нацбанк зможа перадаваць сілавікам інфармацыю пра плацяжы, якія выклічуць падазрэнні ва ўладаў. Маніторынг і перадача інфармацыі, мяркуючы з усяго, будуць адбывацца аўтаматычна з дапамогай аўтаматызаванай сістэмы апрацоўкі інцыдэнтаў (АСАІ) Нацыянальнага банка. Паводле якіх крытэраў некаторыя плацяжы будуць вызначацца як падазроныя, да канца незразумела.
Указ увойдзе ў дзеянне ў сакавіку 2024 года, але ўжо вядома, што сілавікі атрымаюць доступ да звестак, якія ўяўляюць сабой банкаўскую таямніцу: інфармацыі пра несанкцыянаваныя пераводы (у тым ліку электронных грошай) і падазроныя плацяжы. Доступ да АСАІ атрымае пракуратура, органы дзяржбяспекі, унутраных справаў, СК і ААЦ.
Гэта не першая спроба ўладаў стварыць лічбавае рашэнне для кантролю за фінансамі беларусаў. У 2021 годзе Міністэрства падаткаў і збораў замовіла распрацоўку разумнай платформы аналізу «паводзін суб’ектаў гаспадарання і фізічных асоб». Платформу стварала кампанія IBA Group, і яна мусіла працаваць «па прынцыпе „адзінага пункту праўды“ з укараненнем сістэмы эфектыўнага аналізу дадзеных з ужываннем падыходаў машыннага і глыбокага навучання».
Сачэнне за абанентамі сотавай сувязі і карыстальнікамі інтэрнэту
Беларускія сілавікі (у прыватнасці, КДБ і ААЦ) маюць права ставіць праслухоўку і трэкеры на абсталяванне ўсіх аператараў сувязі, інтэрнэт-правайдараў і ўладальнікаў сайтаў. Гэта ім дазволіў указ Лукашэнкі ад 18 кастрычніка 2022 года № 368 «Пра парадак узаемадзеяння аператараў электрасувязі, пастаўшчыкоў паслуг электрасувязі і ўладальнікаў інтэрнэт-рэсурсаў з органамі, якія ажыццяўляюць аператыўна-вышуковую дзейнасць»
«Пастаўшчыкі паслуг электрасувязі, уладальнікі інтэрнэт-рэсурсаў абавязаныя перадаваць бязвыплатна ў электронным выглядзе на патрабаванне ўпаўнаважаных падраздзяленняў і ва ўстаноўленыя гэтымі падраздзяленнямі тэрміны дакладную і поўную базу дадзеных пра карыстальнікаў, а таксама ў рэжыме рэальнага часу інфармацыю, у тым ліку тэхнічную, пра ўсе аказаныя карыстальнікам паслугі», — гаворыцца ва ўказе.
Згодна з дакументам, «аператары электрасувязі» і ўладальнікі сайтаў павінныя не толькі дзяліцца з сілавікамі вядомай ім інфармацыяй пра сваіх карыстальнікаў, але пры неабходнасці падключаць да сваіх сістэм спецыяльную тэхніку.
Пад аператарамі сувязі маюцца на ўвазе як сотавыя аператары, так і інтэрнэт-правайдары. Яшчэ ў 2010 годзе іх абавязалі на патрабаванне сілавых органаў ўсталёўваць на сваё абсталяванне сістэму забяспечання аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў (СЗВМ). Новы ўказ пашырыў гэтую практыку. Цяпер СЗВМ на запыт КДБ ці ААЦ павінныя ўсталёўваць не толькі сотавыя аператары і інтэрнэт-правайдары, але і ўладальнікі любых сайтаў у Беларусі.
Што ж такое СЗВМ? Па сутнасці, гэта прылада праслухоўвання і сачэння. Яе тэхнічнае апісанне можна знайсці ў загадзе ААЦ ад 10 студзеня 2023 года.
СЗВМ «прызначаная для кантролю інфармацыі, якая перадаецца праз сеткі аператараў электрасувязі, і перадачы інфармацыі ў дыстанцыйны пункт кіравання». У дакуменце гаворыцца пра тое, што прылада павінная фіксаваць ўваходныя і выходныя званкі (калі гаворка ідзе пра стацыянарную і мабільную тэлефонную сувязь) і ўсю інфармацыю пра сеткавае злучэнне (калі гаворка ідзе пра інтэрнэт-актыўнасці).
З загаду вынікае, што СЗВМ здольная ў рэальным часе праслухоўваць размовы і перадаваць усю інфармацыю пра ўдзельнікаў тэлефоннай размовы — у тым ліку іх месцазнаходжанне.
З загаду ААЦ
СЗВМ мусіць забяспечваць:
- кантроль выходных і ўваходных выклікаў зададзеных карыстальнікаў у сетцы сотавай рухомай электрасувязі (далей — ССРЭС);
- кантроль выходных і ўваходных выклікаў ад (да) усіх карыстальнікаў ССРЭС да (ад) зададзеных карыстальнікаў іншых сетак электрасувязі;
- перадачу звестак пра месцазнаходжанне канчатковых абаненцкіх прыладаў (тэрміналаў) зададзеных карыстальнікаў пры іх перамяшчэнні ў зоне дзеяння ССРЭС;
- кантроль за злучэннямі зададзеных карыстальнікаў, якія забяспечваюць перадачу галасавой і (або) негаласавай інфармацыі (паслугі перадачы дадзеных, факсімільная сувязь, SMS і іншае).
СЗВМ перадае падрабязную інфармацыю пра карыстальніка інтэрнэту, якім зацікавіліся сілавікі: IP-адрас, лагін карыстальніка на канкрэтным сайце, электронны паштовы адрас, тэлефонны нумар, ідэнтыфікатар дэвайса (з якога карыстальнік падключаецца да сеціва), ID карыстальніка ў мэсэнджары.
Загад пра тэхнічныя характарыстыкі СЗВМ набыў моц 22 студзеня 2023 года. Колькі аператараў сувязі і ўладальнікаў сайтаў усталявала ў сябе такое абсталяванне за няпоўны год — невядома.
Чытайце таксама