У Беларусь дабралася непагадзь, праз якую сіноптыкі абвясцілі на 2 красавіка аранжавы ўзровень небяспекі. Яны прыйшла не адна і прывяла з сабой «сяброў»: у Мінск і ваколіцы — першую навальніцу і град, на поўдзень — шквалісты вецер і пясчаную буру. Беларусы выкладваюць у сацсеткі фота і відэа таго, што адбываецца ў іх у гарадах. Тым часам сіноптыкі абяцаюць, што ў найбліжэйшыя суткі так будзе практычна ўсюды.
Мінск накрылі чорныя хмары, якія прынеслі першую вясновую навальніцу з залевамі.
У Мінску праз пашкоджанне кабельнай лініі 10кВ знікла святло ў некаторых раёнах горада. Як паведамілі ў «Мінскэнерга», парушэнне электразабяспечання адзначалася ў больш чым 20 дамах на вуліцах Сыракомлі, Шпілеўскага, Ігуменскім тракце. Ужо ў 23.25 збой ліквідавалі.
У 22.18 святло знікла ў некалькіх дамах на Партызанскім праспекце. Праз паўгадзіны электразабяспечанне аднавілі, запэўнілі энергетыкі.

Дарогі дзе-нідзе затапіла.
А ў Мінскім раёне выпаў град.
Грымела і бліскала і ў Вілейцы.А ў Мазыр прыйшло ўсё адразу: і хмары, і дождж, і нават пясчаная бура.
А ў аграгарадку Урыцкае Гомельскага раёна вецер нават абрынуў уцяпленне са сцяны дома, пішуць «Сильные Новости». Паводле мясцовых жыхароў, на месцы працуюць экстранныя службы, разбіраюцца завалы. Таксама паведамляюць пра перабоі з электраэнергіяй. Ураган бушуе і ў іншых населеных пунктах Гомельшчыны — людзі расказваюць, што вецер зрывае дахі, валіць цяпліцы, а дзе-нідзе і дрэвы.
У самім Гомелі каля Цэнтральнага рынка моцны вецер знёс палаткі і плот, дах аднаго з намётаў зваліўся проста на аўтамабіль.


Як расказаў чытач «Люстэрка», уцяпленне адвалілася са сцяны не проста так: яно і раней было ў аварыйным стане — па фасадзе дома пайшлі расколіны.

Сіноптыкі ўжо паабяцалі аранжавы ўзровень небяспекі і на 3 красавіка. Рэзка пахаладае — максімальная тэмпература паветра ўдзень будзе ад +3°C на поўначы да +14 °C на паўднёвым усходзе. Ноччу на большай частцы краіны і ў Мінску — моцныя дажджы, раніцай і днём на поўначы — моцны дождж і мокры снег. У многіх раёнах Беларусі і ў Мінску вецер узмоцніцца і будзе дзьмуць парывамі 15−20 м/с.