Беларуска падзялілася ў сацсетках, як безвынікова спрабуе атрымаць польскую нацыянальную візу катэгорыі D з дапамогай «праверанага агенцтва». У каментарах некаторыя раяць ёй змяніць прапіску, каб можна было падаць дакументы ў іншым горадзе, піша CityDog.io.
Карыстальніца пад нікам marya__andrey расказала, як ужо тры месяцы не можа запісацца з запрашэннем на польскую візу ў Мінску. Паводле дзяўчыны, яна звярнулася ў агенцтва, якое ўзяло перадаплату 500 руб. і паабяцала тэрмін запісу 1−2 месяцы. Аднак ніякіх дакументаў ад кліента не запатрабавалі — толькі грошы і чаканне.
Цяпер, як сцвярджае мінчанка, агенцтва адказвае вельмі рэдка, а спасылкі на верыфікацыю прыходзяць раз на тыдзень, але «ўсё беспаспяхова». «VFS Global працуе праз вельмі складаныя схемы з ботамі, куды простым людзям ніяк не прабіцца. Нейкі адчай», — піша дзяўчына.
Паводле яе, консульства адмовілася ёй дапамагчы і адправіла на сайт, дзе «ніколі няма акенцаў».
«Адзіны варыянт запісацца — прапісвацца ў Брэсцкую або Гродзенскую вобласці. Мінскі рэгіён пакутуе», — Дар’я.
«А хто вам сказаў, што ў Гродзенскай вобласці прасцей? Мы бацькоў, маючы запрашэнне на паўгода, таксама ніяк не можам запісаць», — Алеся.
«Запішыцеся самастойна на іспанскую візу, і будзе вам шчасце», — Даша.
«Ну вось у мяне мама трэці месяц спрабуе запісацца ў Брэсцкай вобласці праз агенцтва — цяпер, відаць, па ўсёй краіне не запісацца», — FrameHolder.
Нагадаем, з канца чэрвеня 2024 года змяніліся правілы падачы дакументаў у польскія ВЦ у Гродне і Лідзе — гэта рабіць могуць толькі тыя беларусы, у якіх ёсць рэгістрацыя па месцы жыхарства ў Гродне і Гродзенскай вобласці.
Важна: гаворка ідзе менавіта пра пастаянную рэгістрацыю ці штамп у пашпарце. Часовая рэгістрацыя не будзе падставай для прыёму дакументаў у гэтых ВЦ.
Чытайце таксама на CityDog.io:
В Беларуси появятся электронные визы. Кому они нужны?
Плюс еще одна страна, куда беларусам скоро можно будет поехать без визы