Сталіца Украіны і Кіеўская вобласць ноччу падвергліся нападу дронаў-камікадзэ. Пра гэта расказалі мясцовыя ўлады.
— Паводле інфармацыі нашых сіл СПА, сем дронаў-камікадзэ ішлі на Кіеў. Два з іх збілі на падлёце да сталіцы, пяць — над Кіевам, — напісаў мэр Віталь Клічко у сваім тэлеграм-канале.
Паводле кіраўніка горада, ад аскепкаў пацярпелі два будынкі — у іх пашкоджаныя вокны.

Кіраўнік Кіеўскай абласной ваеннай адміністрацыі Аляксей Кулеба паведаміў, што мэтай беспілотнікаў былі аб’екты інфраструктуры вобласці.
— Сілы СПА адбілі беспілотнікі. Папярэдне, траплянняў няма, — кажа Кулеба.
Камандаванне Паветраных сіл Украіны расказала, што ў ноч з 29 на 30 снежня Украіна была атакаваная іранскімі беспілотнікамі-камікадзэ «Shahed-131/136».
— Усяго выпушчана 16 «шахедаў», якія атакавалі Украіну з паўднёва-ўсходняга і паўночнага кірункаў. Для пераадолення сістэмы супрацьпаветранай абароны Украіны вораг спрабаваў выкарыстоўваць рэчышча Дняпра.
Нагадаем, днём 29 снежня Украіна падверглася масіраванай расійскай ракетнай атацы.