На паўночным усходзе Лондана 36-гадовы мужчына, узброіўшыся мячом, напаў на мінакоў, а потым на паліцэйскіх, якія прыбылі на месца, у выніку чаго былі шпіталізаваныя пяць чалавек. Пра гэта паведамляе Sky News.
Інцыдэнт адбыўся раніцай 30 красавіка ў раёне станцыі метро Хейналт. Мужчына на аўтамабілі ўрэзаўся ў дом, пасля чаго выйшаў з машыны і кінуўся на мінакоў з мячом. Ён параніў пяць чалавек — у тым ліку двух паліцэйскіх, якія прыбылі на месца выкліку. Нападніка затрымалі.
У паліцыі ўпэўненыя, што мужчына дзейнічаў у адзіночку, а яго напад не звязаны з тэрарызмам.
Прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Рышы Сунак назваў здарэнне шакавальным і падзякаваў службам экстраннай дапамогі. Мэр Лондана Садык Хан паведаміў, што ў раёне, дзе адбыўся інцыдэнт, будуць працаваць дадатковыя патрулі.